У Празе прайшла Трэцяя канферэнцыя беларусаў свету
Канферэнцыя сабрала 23 сакавіка ў пражскай Грэбавай віле каля 150 удзельнікаў, якія прадстаўлялі беларускія дыяспары свету ад 21 краіны – ад Чэхіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Швэйцарыі, Вялікабрытаніі да ЗША.
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская ў сваёй вітальнай прамове акрэсліла як важнейшыя задачы беларусаў замежжа: адстойваць беларускія інтарэсы за мяжой, аказваць рэальную дапамогу беларусам, якія змагаюцца ўнутры краіны, дабівацца прыцягнення да адказнасці злачынцаў рэжыму, дапамагаць Украіне і набліжаць яе перамогу.
Сваё бачанне, як узмацніць патэнцыял і супрацу беларусаў і беларусак замежжа выказалі таксама ўдзельнікі панэльных дыскусій – прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады, Народных амбасад, Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай рэспубліцы, ініцыятываў беларускай салідарнасці BYSOL, Краіна для жыцця, Volnyja, Free Belarus Center, Voice Across Borders, платформы Новая Беларусь і іншых. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў прыватнасці прапанаваў дыяспарам падтрымаць выбары ў Каардынацыйную Раду і спалучыць гэтыя выбары з чэрвеньскімі выбарамі ў Эўрапарламент. Паводле сп.Латушкі да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2025 г. аб’яднаныя беларускія структуры павінны дабіцца выдачы міжнароднага ордэру на арышт А.Лукашэнкі.
З асаблівай цікавасцю чакалася інфармацыя пра тое, што робіцца для легалізацыі беларусаў, якія вымушана пакінулі сваю краіну або не могуць у яе вярнуцца. Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі інфармаваў, што ў справе новага нацыянальнага пашпарта працягваюцца кантакты з эўрапейскімі структурамі, Эўракамісіяй. Ёй заклікаў дыяспары дапамагаць Кабінету ў і лабіяванні кантактаў на ўзроўні нацыянальных ўрадаў. Паводле Кавалеўскага ў бліжэйшы час можа быць абвешчаны перапіс беларусаў па ўсім свеце, каб зразумець, колькі з іх маюць патрэбу ў пашпарце. Будзе таксама праводзіцца збор на дзейнаць органа выдачы пашпарта. Гэтая юрыдычная асоба ўжо створаная ў Літве.
Спецыяльная панэльная дыскусія была прысвечаная сучасным праблемам беларуска-украінскіх дачыненняў. У ёй браў дыстанцыйны ўдзел амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях Ігар Кізім. Паводле яго словаў, Украіна стратэгічна зацікаўленая ў тым, каб на яе паўночных межах была дэмакратычная Беларусь. Кіраўнік мабілізацыйнага цэнтра Палка Каліноўскага Павел Кухта і іншыя ўдзельнікі гаварылі аб надзённых патрэбах тых, хто змагаецца ва Украіне, дапамозе байцам і ветэранам, сем’ям загінулых герояў. Удакладняліся звесткі пра выраб беларускага “народнага дрону”.
У прасторах вілы Грэбоўка Беларускі інстытут у Празе пры дапамозе суполкі Пагоня разгарнуў выставу пра пражскі перыяд гісторыі БНР. Для гасцей канферэнцыі таксама пройдуць азнаямляльныя гістарычныя экскурсіі па Празе, яны возьмуць удзел у беларускім маршы, адкрыцці памятнага знака Францішку Скарыну на Старамесцкай плошчы ці ўскладанні кветак на Альшанскіх могілках.
Святлана Ціханоўская працягвае свае сустрэчы ў Чэхіі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні.