Як перліну свайго восеньскага аўкцыёну выстаўляе Шагала чэшская галерэя Адольфа Лооса – Adolf Loos Apartment and Gallery. Карціна створаная ў 1976-м годзе і называецца Maternité sur fond bleu (Мацярынства на сінім фоне).

 

У цэнтры кампазіцыі выява маці, якая трымае на руках дзіця, мякка нахіліўшы да яго галаву. За імі, нібы ў сінім мроіве ўспамінаў, пазнавальны антураж старой беларускай правінцыі. “Гэтая карціна ўцелясняе паэтычную візуальную мову Шагала, якая адлюстроўвае гісторыю яго ўласнай сям’і і кахання, – гаворыцца ў каталогу аўкцыёну. – ­Кампазіцыя мары прыгадвае як дэталі асабістай і сямейнай гісторыі мастака, так і рысы ўсходнеэўрапейскага фальклору. У карціне заўважныя матывы вясковага жыцця, жывёл, галубкі, якая дадае твору міралюбівую атмасфэру.”

Як паведаміў нам дырэктар галерэі Уладзімір Лэкеш, твор да самай смерці мастака знаходзіўся ў яго дома, потым патрапіў у прыватную калекцыю. Менавіта з гэтай заходнееўрапейскай  калекцыі галерэя твор атрымала, на аўкцыёне ён будзе ўпершыню. Стартавая цана ўстаноўлена на 12 мільёнаў чэшскіх крон (480 тысяч эўра).  Да найвышэйшай сумы, прапанаванай пераможцам,  трэба будзе дадаць і аўкцыённую правізію 21 працэнт.

Аўкцыён адбудзецца ў Празе 12 лістапада і будзе непублічным. Удзел у ім могуць браць толькі папярэдне зарэгістраваныя. Для беларусаў Чэхіі, нават калі яны і не збіраюцца пазмагацца за набыццё твора земляка, ёсьць прынамсі шанц яго пабачыць. Перад аўкцыёнам галерэя дае магчымасць пазнаёміцца з творамі ў выставачнай залі Expo 58 ART (ад 21 кастрычніка да 11 лістапада ).

Знакавых твораў Шагала ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся, даволі мала. У свой час беларускі бізнэс прыйшоў з пачынам вяртаць іх на радзіму.  Белгазпрамбанк з ініцыятывы Віктара Бабарыкі набыў на аўкцыёне Сотбіс для сваёй карпаратыўнай калекцыі дзесяткі твораў мастакоў парыжскай школы, ураджэнцаў Беларусі. Але гэтую гэтую калекцыю далучылі да крымінальнай справы Віктара Бабарыкі. Што з ёй цяпер, невядома.

За мяжой творы Марка Шагала (1887 – 1985) можна пабачыць, напрыклад, у Нацыянальным музеі Марка Шагала ў французскай Ніцы, у французскім Цэнтры Пампіду, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Вашынгтоне, Музеі сучаснага мастацтва ў Нью Ёрку (MоMA), Інстытуце мастацтва ў Чыкага, сетцы брытанскіх музэяў Тate, Рускім музэі ў Санкт-Пецярбургу ці Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Алена Ціхановіч

 

Maternité sur fond bleu. 46 х 38 см, алей, тэмпера, туш на палатне.

Фота Adolf Loos Apartment and Gallery

https://aloos.cz/cs/aukce/3722-podzimni-aukce-v-expo-58-art