Беларускія грамадзяне цяпер пазбаўленыя магчымасці абмяняць пашпарт у пасольствах РБ за мяжой. Што рабіць беларусам, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарта ці ён ужо пратэрмінаваны? У некаторых краінах, у тым ліку Чэхіі, існуе магчымасць атрымаць пашпарт замежніка.

Акцыя беларускіх студэнтаў за спрашчэнне выдачы дакументаў замежніка ў Чэхіі. Прага, 17.9.2023. Фота Bělaruské studentsvto ČR.

Пашпарт замежніка і праязное пасведчанне асобы ў Чэхіі

Згодна з п.6 § 113 пашпарт замежніка (cizinecký pas) выдаецца па хадайніцтву замежніка:

  • які пражывае на тэрыторыі на падставе дазволу на пастаяннае пражыванне, не мае сапраўднага праязнога дакумента і даказвае, што не можа яго атрымаць незалежна ад сваёй волі
  • які мае права на пастаяннае пражыванне ў адпаведнасці з §87, калі не мае сапраўднага праязнога дакумента
  • які знаходзіцца пад часовай абаронай ў адпаведнасці са спецыяльным прававым палажэннем 3a і не з’яўляецца ўладальнікам праязнога дакумента

Тэрмін дзеяння пашпарта замежніка (п.1 § 113):

  • пашпарт замежніка выдаецца з тэрытарыяльным дзеяннем ва ўсе краіны свету і тэрмінам дзеяння 10 гадоў (для замежнікаў ва ўзросце да 15 гадоў з тэрмінам дзеяння 5 гадоў)
  • калі гаворка ідзе аб выдачы пашпарта замежніка па прычыне, указанай у п.6а § 113 і калі перашкода, якая не залежыць ад волі замежніка і з-за якой замежнік не можа атрымаць праязны дакумент, носіць толькі часовы характар, пашпарт замежніка выдаецца з тэрмінам дзеяння 1 год
  • іншаземцам, якія атрымалі часовую абарону, пашпарт замежніка выдаецца з тэрмінам дзеяння, які адпавядае тэрміну дзеяння карты іншаземца, які карыстаецца часовай абаронай, у адпаведнасці са спецыяльным прававым палажэннем 3a

У выпадку вынясення паспяховага рашэння пашпарт замежніка будзе выдадзены на працягу 30 дзён з моманту падачы заявы.

Калі няма ні дазволу на пастаяннае пражыванне (trvalý pobyt), ні часовай абароны (dočasná ochrana), ні дадатковай абароны (doplňková ochrana), то згодна з § 114 можна атрымаць праязное пасведчанне асобы (cestovní průkaz totožnosti), якое дзейнічае да 180 дзён (у выключным выпадку да 365 дзён).

Крыніца www.pashpart.org