Эміграцыя заўсёды выпрабаванне. Сваю гісторыю нялёгкай “перасадкі” на новую глебу цэлай сям’і расказвае Георгій Шылін. Гэта нечаканая прэм’ера аўтара, які да гэтага прысвячаў сябе прафесіям, далёкім ад літаратуры. Калісьці, пачаўшы кар’еру вайскоўцам (за плячамі Мінскае сувораўскае вучылішча і Вайскова-марское Ленінградскае), у Чэхію ён прыехаў на працу зваршчыка.
Гэта было пасля бурнага 2010-га і тады, пакінуўшы Мінск, ён патрапіў на завод у невялікі чэшскі гарадок Зруч над Сазавоу. Пачаткі без мовы, без сям’і, прыціркі ў рабочым гатэлі і на працы , першая настаўніца чэшскай мовы, штовечар званкі дадому… Кожная эмігранцкая гісторыя складаецца з амаль падобных элементаў. У мемуарах Георгія Шыліна паступова раскручваецца як яго ўласны сюжэт, так і гісторыі яго новых таварышаў. Сплятаецца такі кокан эмігранцкіх лёсаў, дзе больш за ўсё выразныя постаці беларускія і ўкраінскія.
Аўтар са свайго вопыту ацэньвае, якое тут працоўнае рэнамэ беларусаў і ці праўда, што рынкам працоўных агентур кіруе “ўкраінская мафія”. Урэшце сам падае прыклад кар’ернага росту: нечакана ён, беларус-кантрактнік, становіцца майстрам цэха, дзе мае ў падначаленні чэхаў ці ўкраінцаў. Герой твора тлумачыць, чаму спачатку адпіраўся, але ўрэшце пайшоў на гэта дзеля жонкі.
І гэта сямейная эміграцыя адбывалася па сцэнары: “муж-першапраходца забяспечвае новае гняздо, жонка і дзеці далучаюцца пасля вымушанага растання”. Але ў свеце візавых адносін не ўсё так проста. Шмат драматычных прыгодаў было звязана нават з паходам дачкі ў першы клас: запісалі ў Чэхіі, а пачынаць давялося ў беларускай школе.
Некаторыя старонкі нагадваюць ідылію: ужо куплены свой дом, засаджаныя ружы, сямейнікі выбіраюць сабаку, добразычлівыя чэшскія суседзі дзеляцца мэбляй і кветкамі… Але знешняя ідылія кульмінуе сямейным крызісам. Жончына “ Чаму мы тут, я хачу дадому” выстрэльвае цяжкім інфарктам.
І гэта ўсё пра феномен сучаснай эміграцыі, якая стала недобраахвотным выбарам соцень тысяч беларусаў. Георгій Шылін адным з першых дзеліцца сваім чэшскім вопытам і шукае свой адказ “чаму мы тут”.
Тэкст праілюстравала мастачка Вольга Якубоўская, вядомая сваёй серыяй 20-га году “Коцікі свабоды”. Кнігу можна набыць як у папяровым, так і электронным выглядзе. Правы на электроннае выданне перададзеныя Bysol, сродкі ад продажу пойдуць на дапамогу палітвязням.