Падчас свайго візіту ў Прагу Святлана Ціханоўская абвясціла пра планаванае адкрыццё Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай рэспубліцы.

Візіт абранай лідаркі Беларусі адбыўся 16-17 лістапада. Святлана Ціханоўская мела сустрэчы з прэм’ер-міністрам Чэхіі Пятром Фіялам і старшынёй Сената Мілашам Выстрчылам. Разам са старшынёй парламента Маркетай Пекаравай-Адамавай яна ўсклала кветкі да магілы вялікага сябра беларусаў Вацлава Гаўла на Альшанскіх могілках. Яна таксама выступіла на канферэнцыі „Гібрыдная вайна Расіі супраць дэмакратычнага свету“.

Надвячоркам 17 лістапада адбылася сустрэча С.Ціханоўскай з беларускай дыяспарай і па традыцыі адрасам  было абранае месца, звязанае з  дзейнасцю Францішка Скарыны. На гэты раз на вуліцы Мікулашскай у раёне Старамесцкай плошчы, дзе верагодна стаяла найманая Скарынам друкарня Севярына. Прысутны літоўскі пасол у Чэхіі Лайманас Талат-Келпша падзяліўся планам усталяваць у гэтым месцы спецыяльны памятны знак.

Святлана Ціханоўская расказала прысутным, якія пытанні яна ўзнімала ў размовах з высокімі чэшскімі палітыкамі. Сярод іншага гэта магчымасці  змякчэння візавых санкцый адносна шэраговых беларускіх грамадзянаў ці  перспектывы навучання студэнтаў. Ціханоўская таксама прапанавала абвясціць беларускія сілавыя структуры, якія чыняць незаконны пераслед грамадзянаў, тэрарыстычнымі структурамі.

Ніжэй прапануем запіс прамовы Святланы Ціханоўскай на сустрэчы з беларускай дыяспарай 17 лістапада ў Празе.

Прамова Святланы Ціханоўскай

Аўтар фота: Pasha Kritchko

Аўтар фота: Святлана Душкіна