На другую гадавіну смерці героя Плошчы перамен Рамана Бандарэнкі яго прыпомнілі і ў чэшскай сталіцы. Акцыя, ініцыяваная беларускімі студэнтамі, прайшла ля беларускага пасольства ў суботу, 12 лістапада. 31-гадовы Раман, што выйшаў у свой двор бараніць бел-чырвона-белыя стужкі, загінуў ад рук пагромнай спецкаманды. Гэта стала адной з самых рэзанасных падзей беларускага супраціву-2020.

Сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхіі ёсць  нямала тых, хто сам перажыў падзеі 2020 году ў Мінску і нават тых, хто меў дачыненне да гісторыі Рамана Бандарэнкі. Адзін з іх бараніў ад разбурэння мемарыял памяці Рамана і атрымаў цяжкую траўму.

Студэнтка і прадстаўніца арганізатараў Аліна Талейка падзялілася сваімі ўспамінамі рэвалюцыйных дзён у студэнцкім асяроддзі. Яна і іншыя ўдзельнікі згадвалі таксама імёны палітзняволеных студэнтаў ці журналісткі Кацярыны Андрэевай, якая вяла рэпартаж з плошчы Перамен. У суправаджэнні ціхага агню свечак гучалі вершы і развагі пра запавет Рамана і яго кодавае „Я выходжу“.

Кантакту з пасольствам у суботу ўдзельнікі мітынгу не планавалі. Але ўпершыню паліцыя не дазволіла сабрацца нават на ходніку для ўваходу, толькі на супрацьлеглым баку. Такія меры былі праўдападобна прадыктаваныя нядаўнім інцыдэнтам, калі сцяна агароджы пасольства была запэцканы чырвонай фарбай. Урэшце мірны характар акцыі памяці  знайшоў паразуменне ў паліцыі: агульны здымак, які вы бачыце, зрабіў на тэлефон Аліны Т. чэшскі паліцэйскі. Пад канец акцыі паліцыя перапыніла на некалькі хвілінаў рух транспарту, каб удзельнікі акцыі бяспечна маглі перанесці свечкі і кветкі да сцяны пасольства.