Дзяды (Dušičky, Památka zesnulých) прыпадаюць на 2 лістапада. Па традыцыі, агульнай для беларусаў і чэхаў, у першыя дні лістапада належыць наведаць і прыбраць магілы продкаў. Нягледзячы на тое, што гэта працоўны дзень, могілкі ажываюць, поўняцца наведнікамі ад канца кастрычніка. Ужо цяпер яны прыбраныя кветкамі і мільгацяць свечкамі.
Больш як пяцьдзесят магіл беларусаў знайшоў даследчык-краязнаўца Сяргей Кнырэвіч. Дадаткам да яго кнігі “Магілы беларусаў у Чэхіі і Славакіі” (2020) стала лічбавая карта з інфармацыяй і навігацыяй. Карыстаючыся QR кодам, можна знайсці магілы нашых беларускіх папярэднікаў не толькі ў Празе, але ў Брне, Браціславе, Плзні, Кладне, Жыліне і іншых гарадах і вёсках Чэхіі і Славакіі.
Так, апошні спачын на Альшанскіх могілках у Празе знайшлі прэзідэнты БНР Пётр Крачэўскі і Васіль Захарка, консул БНР Мікола Вяршынін, а таксама спявак Міхал Забэйда-Суміцкі. На тэрыторыі слаўнага чэшскага пантэону Вышаградскіх могілках знойдзеце магілу генерала БНР і падпалкоўніка чэхаславацкай арміі Паўла Вента. У Кладне пахаваны вядомы беларускі адраджэнец, якога памятае і шануе беларуская грамада ў Чэхіі, сп.Юрка Станкевіч.
Скарыстайцеся абноўленай і дапоўненай картай Сяргея Кнырэвіча, каб у гэтыя дні наведаць з кветкамі некаторую з беларускіх магіл.
Наведайце беларускія магілы ў Чэхіі паводле GoogleMap Сяргея Кнырэвіча з дапамогай гэтага QR-коду