1. Пачатак дзяржаўнасьці. Старажытныя беларускія княствы 

Полацкае княства

 Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці налічвае больш за тысячагодзьдзе. Яе пачатак зьвязаны з Полацкам, які вырас на старажытным гандлёвы шляху “з варагаў у грэкі”.  Горад вядомы зь пісьмовых крыніц з 862 г., а паводле ісляндскіх сагаў і археалягічных дадзеных – на некалькі стагодзьдзяў больш старажытны.

У сярэдзіне Х ст. ужо існавала наша першая дзяржава – Полацкае княства, альбо, як яго часта называюць летапісы, Полацкая зямля. Княства аб’ядноўвала навакольныя земляі крывічоў і праводзіла незалежную ні ад Кіева, ні ад Ноўгараду палітыку.

Рагвалод і Рагнеда 

Першым вядомым полацкім князем быў Рагвалод. 

Сутыкненьне з Ноўгарадам, якое адбылося каля 980 г. скончылася паразай Полацку і зьнішчэньнем сям’і Рагвалода. Жывой пакінулі адну князёўну Рагнеду. 

Князь Рагвалод

Ноўгарадзскі князь Уладзімір (неўзабаве ён заваладарыў і ў Кіеве) насуперак волі Рагнеды зрабіў яе сваёй жонкай. Аднак урэшце, пасьля яе замаху на жыцьцё Уладзіміра, непакорлівую палачанку разам з сынам Ізяславам выслалі на радзіму. 

Такім чынам Рагнеда захавала княскую дынастыю Рагвалодавічаў, якая валодала Полацкай зямляёй у Х – ХІІІ стст. І ў далейшым жанчыны у гісторыі Беларусі будуць займаць надзвычай важнае месца, што можна лічыць своеасаблівым айчынным фэномэнам.

Княгіня Рагнеда

Ізяслаў і Брачыслаў

Ізяслаў вярнуўся ў Полацак і заняў княскі пасад. Летапісы называюць яго вялікім кніжнікам. Ізяслаў увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце, зрабіўшыся нашым першым асьветнікам.

Ізяславаў сын Брачыслаў, які княжыў з 1003 да 1044 г. зьдзейсьніў некалькі пераможных паходаў (у тым ліку на Ноўгарад) і значна пашырыў межы Полацкай зямлі. Ён прымусіў кіеўскага князя Яраслава Мудрага прызнаць яе незалежнасьць. Усе далейшыя спробы Кіева далучыць Полацкую зямлю да сваіх уладаньняў нязьменна сканчваліся правалам. 

Полацкае княства мела усе адзнакі дзяржаўнасьці – сувэрэнную ўладу князя і веча, уласную адміністрацыю, войска, узятыя пад ахову межы. Вялікая роля належала вечу – агульнаму сходу палачанаў, дзе разглядаліся самыя важныя дзяржаўныя справы.

Усяслаў Чарадзей

Найвышэйшага ўздыму першая дзяржава нашых продкаў дасягнула ў 2-й палове ХІ ст., у часы Ўсяслава Брачыславіча, што за шматлікія таленты і незвычайныя здольнасьці атрымаў імя Чарадзей. Ён уладарыў болей за паўстагодзьдзя – з 1044 да 1101 г. На ягоны загад у Полацку быў збудаваны велічны Сафійскі сабор, трэці такі храм на ўсходнеславянскіх землях. 

Князь Усяслаў Чарадзей

Полацкая Сафія сымбалізавала роўнасьць Полацку з Кіевам і Ноўгарадам. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі княства ахоплівала большую частку тэрыторыі сучаснай Беларусі і адпавядала  памерамі такім тагачасным краінам як герцагства Баварскае альбо каралеўства Партугальскае. 

Апрача сталіцы дзяржава мела яшчэ паўтара дзясятка гарадоў: Менск, Віцебск, Браслаў, Воршу, Барысаў, Лагойск, Заслаўе, Друцак, Копысь, Усьвят, Лукомль… На землях продкаў сучасных латышоў стаялі гарады Герсіка і Кукенойс, дзе кіравалі полацкія васалы. 

Улада Полацка пашыралася на ніжняе Падзьвіньне да самага Балтыйскага мора. Гэта значыць, што Полацкае княства было марской дзяржавай і магло мець флот.

Мапа Полацкага княства

Міжнароднае прызнаньне

Прызнаньнем міжнароднага аўтарытэту Полацкай зямлі сталася блізкае сваяцтва Рагвалодавічаў зь бізантыйскім імпэратарскім домам Камнінаў ды іншымі эўрапейскімі дынастыямі. 

Усяславава праўнучка Сафія, дачка полацкага і менскага князя Валадара Глебавіча, у 1157 г. павянчалася з каралём Даніі Вальдэмарам І, адным з найславутых уладароў сваёй краіны. Каралева была ня толькі маці ягоных дзяцей, але і ўплывовай паплечніцаю ў палітычных справах. Пра гэта сьведчаць яе подпісы на дзяржаўных дакумэнтах, супольныя з мужам партрэты на манэтах і храмавых фрэсках. Нашчадкі нашай суайчыньніцы займалі каралеўскія троны ў Даніі, Швэцыі і Францыі. У дацкім горадзе Калундбарг каралева Сафія пабудавала катэдральны сабор, які меў за ўзор Сафійскі сабор у Полацку.

Смаленскае і Тураўскае княствы

На ўсходзе Полацкая зямля межавала зь іншай створанай крывічамі дзяржавай – Смаленскім княствам, куды ўваходзілі Мсьціслаў, Крычаў, Прапошаск (цяперашні Слаўгарад). 

На землях дрыгавічоў ўтварылася Тураўскае княства, першым князем якога лічыцца Тур. Апрача сталічнага Турава там знаходзіліся Пінск, Слуцак, Клецак, Давыд-Гарадок. 

Князь Тур

Цесную лучнасьць з Тураўскім княствам мела Берасьцейшчына. Разам зь Берасьцем тут існавалі гарады Кобрынь, Каменец, Дарагічын, Бельск. У ХІІ ст. гэтыя землі ўвайшлі ва Ўладзіміра-Валынскае княства, але захоўвалі значную самастойнасьць. У тым часе была збудаваная знакамітая Камянецкая вежа.

Рамёствы і гандаль

Гарады старажытнабеларускіх княстваў былі буйнымі цэнтрамі рамяства і гандлю. Археалягічныя знаходкі сьведчаць, што ў Полацку працавалі майстры больш чым 60 спэцыяльнасьцяў. 

Купцы гандлявалі ня толькі з суседнімі гарадамі і княствамі, але і з далёкімі землямі, найперш зь Бізантыяй і Блізкім Усходам. Адтуль прывозілі віно, аліўкавы алей, тканіны і прыправы. З Заходняй Эўропы рамеснікі атрымлівалі волава, медзь і цыну. Адным з найважнейшых імпартных тавараў была соль.

Зь беларускіх княстваў найчасьцей экспартаваліся футра, мёд, воск, вугаль і смала, а пазьней – збожжа і жалеза.

Прыняцьце хрысьціянства

У Х ст. беларускія землі сталі часткаю хрысьціянскага сьвету. 

Трывалыя сувязі Полацкага княства з Канстантынопалем дазваляюць лічыць, што хрысьціянства прыйшло сюды наўпрост зь Візантыі.

Важная асаблівасьць прыняцьця у нас новай веры —  яго негвалтоўны добраахвотны характар. Стагодзьдзямі хрысьціянства мірна суіснавала з ранейшымі традыцыямі і сьвятамі. Некаторыя зь іх – Радаўніца, Купальле, Дзяды – захаваліся дасёньня і нават увайшлі ў дзяржаўны каляндар.

Ужо ў тым далёкім часе продкам быў уласьцівы дух талеранцыі – рэлігійнай і нацыянальнай цярпімасьці.

Полацкая эпархія – царкоўная акруга на чале зь япіскапам – утварылася ў 992 г., Тураўская – у 1005 г.

Эўфрасіньня Полацкая і Кірыла Тураўскі

Узроўнем разьвіцьця адукацыі, кніжнай справы, дойлідзтва, усіх галінаў культуры даўнія беларускія княствы нічым не саступалі суседнім эўрапейскім дзяржавам. 

Выдатнай асьветніцай той эпохі ў маштабе ўсёй хрысьціянскай цывілізацыі была ўнучка князя Ўсяслава Чарадзея Эўфрасіньня Полацкая, адна з самых адукаваных жанчын тагачаснай Эўропы. Яна стала нашай першаю мэцэнаткай, не хавалася за манастырскімі сьценамі ад палітычных справаў, выступаючы супроць княскіх усобіц, за незалежнасьць Полацкай зямлі. 

Пасьля завяршэньня зямнога шляху Эўфрасіньня была кананізаваная і цяпер шануецца як нябесная заступніца Беларусі. 

Эўфрасіньня Полацкая

Сучасьнікам Эўфрасіньні быў славуты пісьменьнік і прапаведнік Кірыла Тураўскі, што заслужыў найменьне “другога Залатаслова” (Златавуста). Ягоныя “Словы”-казаньні, павучальныя аповесьці і вершы-малітвы перавыдаюцца і сёньня.

Сярод унікальных помнікаў культуры таго часу – полацкая Спасаўская (Спаса-Эўфрасіньнеўская) царква  і яе фрэскавыя размалёўкі, гарадзенская Барысаглебаўская (Калоская) царква, Тураўскае Эвангельле, наша нацыянальная рэліквія – Крыж сьвятой Эўфрасіньні.

Полацкі Сафійскі сабор у ХІ ст.

У 2017 г. каля полацкага Сафійскага сабору быў усталяваны велічны помнік “Полацак – калыска беларускай дзяржаўнасьці” з партрэтнымі выявамі знакамітых гістарычных асобаў той эпохі – ад князя Рагвалода да Ўсяслава Чарадзея і Эўфрасіньні Полацкай. 

Храналёгія:

862 –  Першыя летапісныя зьвесткі пра Полацак

863  –  Упершыню згадваецца Смаленск

980  –  Першая гістарычная згадка пра Тураў

992 –  Утварэньне Полацкай эпархіі

1044 – 1101  – Княжэньне Усяслава Чарадзея

1067  – Бітва на Нямізе. Першая згадка пра Менск

1101 – 1167 Жыцьцё і дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай

1157  –  Сафія Валадараўна стала каралевай Даніі

862 –  Першыя летапісныя зьвесткі пра Полацак

863  –  Упершыню згадваецца Смаленск

980  –  Першая гістарычная згадка пра Тураў

992 –  Утварэньне Полацкай эпархіі

1044 – 1101  – Княжэньне Усяслава Чарадзея

1067  – Бітва на Нямізе. Першая згадка пра Менск

1101 – 1167 Жыцьцё і дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай

1157  –  Сафія Валадараўна стала каралевай Даніі

2. Вялікае Княства Літоўскае – аванпост эўрапейскай цывілізацыі

Кароль Міндоўг 

Традыцыя беларускай дзяржаўнасьці працягвалася ў Вялікім Княстве Літоўскім. 

Новая дзяржава нашых продкаў ўтварылася ў сярэдзіне ХІІІ ст. у Панямоньні на частцы сучасных беларускіх і літоўскіх земляў. Яны аб’ядналіся вакол сваёй першай сталіцы — Новагародка (сучасны Наваградак), дзе ўладу атрымаў літоўскі князь Міндоўг. 

У 1253 г. у Навагародку са згоды папы рымскага адбылася каранацыя вялікага князя Міндоўга, пасьля чаго ён стаў каралём.

Вялікі князь Міндоўг. Гравюра ХVI ст.

Паступова ў Вялікае Княства пераважна мірным шляхам увайшлі ўсе беларускія землі, якія захавалі моцную аўтаномію. Аб’яднаўшыся, беларускія княствы адрозна ад расейскіх пазьбеглі ганебнага мангола-татарскага ярма. Тым часам у Масковіі ў выніку 240-гадовай няволі сьцьвердзілася азіяцкая дэспатыя.

Гедымін і Альгерд 

Пры вялікім князі Гедыміне сталіцу дзяржавы перанеслі з Новагародку ў Вільню. Гедымін афіцыйна менаваў сябе “каралём літвінаў і русінаў”. Русінамі тады называлі праваслаўных жыхароў нашай краіны, але часта незалежна ад веравызнаньня ўсе жыхары Вялікага Княства Літоўскага па назьве дзяржавы называлі сябе літвінамі. 

Вялікі князь Гедымін

Каб ягоныя праваслаўныя падданыя не залежалі ад маскоўскіх герархаў, Гедымін утварыў самастойную праваслаўную мітраполію.

Гедымінаў сын Альгерд у 1362 г. каля ракі Сінія Воды, прытокі Паўднёвага Бугу, разграміў татараў. У выніку гэтай, першай ва Ўсходняй Еўропе буйной перамогі  над залатаардынцамі, ад татарскага прыгнёту былі вызваленыя і далучаныя да Вялікага Княства Літоўскага ўкраінскія землі – Кіеўская, Валынская, Ноўгарад-Северская і Падольле. 

Вялікі князь Альгерд

Вялікі князь Альгерд зьдзейсьніў таксама тры пераможныя паходы (1368, 1370 і 1372 гг.) на Маскву. Памяткай пра тыя падзеі засталася Паклонная гара, куды маскоўскія баяры прыходзілі з выкупам на паклон да Альгерда.

Ягайла і Крэўская вунія 

У 1385 г. паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам была падпісаная  Крэўская вунія. Паводле яе ўмоваў, спадкаемец Альгерда вялікі князь Ягайла ажаніўся з малалетняй польскай каралевай Ядвігай і хрысьціў у каталіцтва сваіх падданых-балтаў, якія на той момант заставаліся паганцамі (язычнікамі).

Гэты альянс перад пагрозаю тэўтонскай агрэсіі быў выгадны абедзьвюм дзяржавам. Ён значна павялічваў іх вайсковую магутнасьць, спрыяў пашырэньню эканамічных і культурных сувязяў зь іншымі эўрапейскімі краінамі.

Стаўшы пасля Крэўскай вуніі польскім каралём пад імем Уладзіслава ІІ, Ягайла ў выніку зацятага змаганьня саступіў вялікакняскі трон Вітаўту.

Кароль Ягайла. Фрэска ХV ст.

Тры першыя шлюбы не далі Ягайлу спадчыньнікаў. У 1422 г. ён павянчаўся ў Новагародку з князёўнай Соф’яй Гальшанскай, якая нарадзіла каралю сыноў Уладзіслава і Казіміра. Так дзякуючы нашай суайчыньніцы была заснаваная эўрапейская манархічная дынастыя Ягелёнаў, прадстаўнікі якой былі ўладарамі Вялікага Княства, Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны (Вэнгрыі).

 

Вітаўт Вялікі

У часы княжаньня Вітаўта (1392 – 1430 гг.) Вялікае Княства Літоўскае ўступіла ў пэрыяд найвышэйшай магутнасьці. 

15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам злучаныя войскі ВКЛ, дзе пераважную частку складалі палкі-харугвы зь беларускіх земляў,  і Польскага каралеўства разграмілі армію Тэўтонскага ордэну і спынілі больш чым 200-гадовую нямецкую экспансію на ўсход. 

Традыцыйна лічыцца, што аб’яднанымі сіламі кіраваў польскі кароль Ягайла, але рэальна імі камандаваў Вітаўт. Ён старшыняваў на апошняй перад бітваю вайсковай радзе і непасрэдна ўдзельнічаў у баталіі.

Вітаўт Вялікі

Менавіта ў часы Вітаўта Вялікае Княства, распасьціраючыся ад Балтыйскага да Чорнага мора, стала вялікім ня толькі па назве і тэрыторыі – болей за 900 тыс. кв. км (дзеля параўнаньня: тэрыторыя Рэспублікі Беларусь – 207,6 тыс. кв. км), але і па сваёй палітычнай ролі ў Эўропе. 

Дзяржаўны лад 

На чале дзяржавы стаяў вялікі князь, альбо, як яго называлі ў дакумэнтах, гаспадар. Ягоную ўладу абмежоўвала вялікакняская Рада і Сойм. Без  узгадненьня зь імі гаспадар ня мог праводзіць замежную палітыку і прызначаць на дзяржаўныя пасады. 

Краіна падзялялася на ваяводзтвы, а тыя – на паветы.У ваяводзтвах  улада належала ваяводам, а ў паветах – старастам. У сярэдзіне ХVІ ст. ваяводзтваў было 14: Мсьціслаўскае, Берасьцейскае, Брацлаўскае, Віленскае, Віцебскае, Валынскае, Жамойцкае, Кіеўскае, Менскае, Наваградзкае, Падляшскае, Полацкае, Смаленскае і Троцкае.

Найвышэйшым судом быў Трыбунал Вялікага Княства. Ён складаўся з судзьдзяў (па двое ад павету), якіх шляхта штогод выбірала на павятовых сойміках. 

Канцлер Леў Сапега

Яскравым узорам палітыка-патрыёта той эпохі стаў вялікі канцлер Леў Сапега, што займаў найвышэйшую ў дзяржаве пасаду больш за 30 гадоў.

Сымболіка і мова

Гербам краіны з 1295 г. служыла “Пагоня”. Яе выява зьмяшчалася на пячатках паветаў, аздабляла гарадзкія брамы, вайсковыя сьцягі-харугвы.

“Пагоня” з гербоўніка 1575 г.

Ад ХVІ ст. вядомыя выявы нашага гістарычнага бел-чырвона-белага сьцяга. Гімнам, альбо, тады казалі, “песьняй Айчыны” ў ВКЛ была “Багародзіца”. Першыя зьвесткі прая яе выкананьне ў якасьці гімну зьвязаныя з Грунвальдзкай бітвай.

 Ян Матэйка. Фрагмэнт карціны “Грунвальдзкая бітва”.
У цэнтры князь Вітаўт

У палітычным, эканамічным і культурным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, як яно цалкам называлася,  дамінавалі  славянскія землі. Менавіта тады скансалідаваўся беларускі этнас. Цалкам заканамерна старабеларуская мова мела статус дзяржаўнай. На ёй ствараліся і выдаваліся законы, граматы і прывілеі манархаў і ўсіх галоўных асобаў Княства, пісаліся соймавыя пастановы. 

У продкаў сучасных літоўцаў пісьменства ўзьнікла толькі ў сярэдзіне ХVІ ст. Не існуе ніводнага дакумэнту ВКЛ, які быў бы напісаны па-літоўску.

Магдэбурскае права 

Нашы гарады жылі паводле магдэбургскага права на самакіраваньне, што было яшчэ адным сьведчаньнем улучанасьці краіны ў еўрапейскую  цывілізацыю. Першымі такое права атрымалі сталічная Вільня (1387 г.), затым Берасьце (1390 г.) і Горадня (1391 г.).

Герб Вільні

Магдэбурскае права вызваляла жыхароў ад улады і суду намесьнікаў, ваяводаў, старастаў ды іншых дзяржаўных асобаў. Гараджане-месьцічы вызваляліся ад феадальных павіннасьцяў і атрымлівалі права гандляваць у дзяржаве без мытных падаткаў.

Жыцьцём гораду кіраваў выбарны магістрат. Для яго паседжаньняў будаваліся ратушы, якія разам з гарадзскімі гербамі таксама былі сымбалямі “вольнасьці”. Магістрат зьбіраў падаткі, сачыў за правільнасьцю мераў і вагаў на рынках, бараніў інтарэсы сваіх гандляроў і рамесьнікаў, што, як і ў іншых эўрапейскіх краінах, аб’ядноўваліся ў цэхі – своеасаблівыя тагачасныя прафсаюзы.

Культурныя здабыткі. Рэнэсанс 

Беларуская архітэктура мае помнікі ўсіх уласцівых Эўропе стыляў – раманскага, готыкі, рэнэсансу, барока. 

Юнакі-літвіны вучыліся ў заходнеэўрапейскіх унівэрсытэтах і звычайна вярталіся на радзіму, але пасьпяхова працавалі і ў іншых краінах. Адзін з папярэднікаў Скарыны Ян Літвін, верагодны выхаванец Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, у 1480 г. адчыніў першую друкарню ў Лёндане.

Вялікае Княства Літоўскае стала ўсходнім аванпостам такіх лёсавызначальных для краін і народаў Эўропы зьяваў як Рэнэсанс і Рэфармацыя. 

Дзяржава нашых продкаў ня толькі карысталася дасягненьнямі эўрапейскай культуры, але часам давала прыклад іншым. У Вялікім Княстве заканадаўча была замацаваная рэлігійная і нацыянальная талеранцыя. Краіна ня ведала рэлігійных войнаў і крывавых падзеяў кшталту Барталямееўскай ночы ў Парыжы.

Дзякуючы выдатнаму гуманісту, беларускаму і ўсходнеславянскаму першадрукару Францішку Скарыну беларусы атрымалі чацьвёртую ў сьвеце друкаваную Біблію на жывой мове народу (пасьля нямецкага, італійскага і чэскага перакладаў).

Статут 1588 г.

Напісаны і выдадзены па-беларуску Статут ВКЛ 1588 г. стаў самым перадавым зборам законаў у тагачаснай Эўропе. 

Праз усе 14 разьдзелаў і 488 артыкулаў Статуту праходзіла ідэя праўнай дзяржавы, дзе ўсе органы і службоўцы павінны дзейнічаць толькі ў адпаведнасьці з законам.

Статут перакладаўся на лацінскую, польскую, нямецкую, францускую, украінскую і расейскую мовы і значна паўплываў на заканадаўства суседніх краін. 

Статут ВКЛ 1588 г.

На ўсход ад Вялікага Княства Літоўскага, у Масковіі, пачынаўся іншы сьвет, дзе асоба мела нязьмерна менш правоў і магчымасьцяў. Нават самыя знакамітыя баяры былі там бяспраўнымі “холопами государевыми”. Там не існавала ні талеранцыі, ні магдэбурскага права, ні Рэнэсансу, ні магчымасьці атрымаць у той час унівэрсытэцкую адукацыю.

Храналёгія:

1253 – Каранацыя Міндоўга ў Новагародку.

1295 – “Пагоня” стала гербам Вялікага Княства Літоўскага.

1316 – 1341 гг. – Княжэньне вялікага князя Гедыміна.

1323 г. – Перавод сталіцы дзяржавы ў Вільню.

1345 – 1377 гг. – Княжэньне вялікага князя Альгерда.

1362 г. – Разгром татараў на Сініх Водах.

1385 г. – Крэўская вунія.

1392 – 1430 гг. – Княжэньне вялікага князя Вітаўта.

15 ліпеня 1410 г. – Грунвальдзкая перамога над Тэўтонскім ордэнам.

1588 г. – Прыняты Трэці Статут ВКЛ.

3. Рэч Паспалітая

Люблінская вунія

Падчас цяжкай Інфлянцкай (Лівонскай) вайны з Масковіяй, калі інтэрвэнты захапілі амаль палову нашай дзяржавы разам з Полацкам і прэтэндавалі на саму Вільню, Вялікае Княства Літоўскае вымушана было пайсьці на альянс з Польшчай.

На Люблінскім сойме 1569 г. польскі бок дамагаўся поўнай інкарпарацыі Княства ў сваё каралеўства. Дайшло да таго, што абураная дэлегацыя ВКЛ пакінула сойм. Карыстаючыся адсутнасьцю літвінскіх паслоў (дэпутатаў) і прадстаўнікоў вялікакняскай Рады, палякі дамагліся ад караля Жыгімонта Аўгуста ўказаў пра далучэньне да Польшчы велізарных тэрыторый Княства – Падляшша, Кіеўскага і Брацлаўскага (таксама на Ўкраіне) ваяводзтваў. Вільня адгукнулася на анэксію бурай пратэстаў. Вялікакняская Рада абвясьціла аб падрыхтоўцы да вайны з Польшчай, але змаганьне на два франты немінуча прывяло б краіну да гібелі.

Люблінскі сойм

Люблінскі сойм. Мастак Ян Матэйка

Сувэрэнітэт Вялікага Княства

Урэшце 1 ліпеня 1569 г. акт Люблінскай вуніі на ўмовах кампрамісу быў падпісаны. Ён абвяшчаў аб’яднаньне Вялікага Княства і Польскага каралеўства ў Рэч Паспалітую з агульным Соймам і манархам, што будзе як каралём польскім, так і вялікім князем літоўскім. Аднак дзякуючы пасьлядоўнай патрыятычнай пазыцыі нашых паслоў і палітыкаў Княства захавала вельмі значную частку сувэрэнітэту.

Выканаўчая ўлада (апрача манарха) разам з усімі дзяржаўнымі пасадамі заставалася самастойнай. Княства мела сваю мяжу, уласныя войскі са сваімі гетманамі. Вільня праводзіла незалежную замежную палітыку, мела права самастойнай грашовай эмісіі. Дзяржаўнаю мовай заставалася беларуская.

Канчаткова замацаваў палітычны, эканамічны і культурны сувэрэнітэт Вялікага Княства Статут 1588 г. Адметна, што Люблінская вунія ў ім наогул не згадвалася. Паводле Статуту, палякі не маглі займаць у ВКЛ дзяржаўных пасадаў і набываць зямлю.

Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае не спыніла існаваньня, але на палітычнай мапе Эўропы зьявілася новае ўтварэньне – Рэч Паспалітая (назва цалкам адпавядае лацінскаму res publika), якое, па сутнасьці, было канфэдэрацыяй. У яе складзе ВКЛ знаходзілася да канца ХVІІІ ст.

Герб Рэчы Паспалітай

Герб Рэчы Паспалітай

Берасьцейская царкоўная вунія

Дзеля таго, каб пазбавіцца ад прэтэнзіяў праваслаўнай Масквы і каталіцкай Варшавы, а таксама ад небясьпекі рэлігійнай варожасьці ў самой дзяржаве, духоўныя і сьвецкія эліты Вялікага Княства спрыялі царкоўнай вуніі. Яе прыняў Берасьцейскі царкоўны сабор 1596 г.

Вуніяцкая, альбо, іншымі словамі, грэка-каталіцкая вера спалучала традыцыйную ўсходнюю абраднасьць з каталіцкімі царкоўнымі дагматамі.

Маці Божая

Маці Божая Жыровіцкая. Вуніяцкі абраз ХVIII ст.

Усталяваньне вуніяцтва спачатку ішло няпроста, але пры канцы ХVІІІ ст. грэка-католікамі былі ўжо тры чвэрці жыхароў беларускіх земляў, а праваслаўныя складалі ўсяго 6%. Вуніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расейцы. Таму так ненавідзелі вунію маскоўскія цары і вярхі расейскага праваслаўя.

Язэп Руцкі

Вуніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі

Шляхецкая анархія і заняпад дзяржавы

Шматлікія войны і непасьлядоўная ўнутраная і зьнешняя палітыка прадстаўнікоў дынастыі Ваза, што прыйшлі да ўлады пасьля выдатнага палкаводца і палітыка вялікага князя і караля Стэфана Баторыя, вялі да зьмяншэньня ролі Рэчы Паспалітай у Эўропе.

Яскравым эпізодам у гісторыі аб’яднанай дзяржавы стала толькі ўладараньне караля і вялікага князя Яна Сабескага. Менавіта пад яго камандаваньнем войскі хрысьціянскіх краін у 1683 г. разграмілі туркаў пад Венай і спынілі прасоўваньне Асманскай імпэрыі на эўрапейскі абшар.

Ян Сабескі

Вялікі князь і кароль Ян Сабескі. Мастак Марчэла Бачарэлі. 1780-я гг.

Рэч Паспалітая працягвала слабець і ў 1-й палове ХVІІІ ст., у часы кіраваньня саксонскай дынастыі. Ранейшая шляхецкая дэмакратыя няўхільна ператварылася ў шляхецкую анархію. Права “liberum veto” (вольнае забараняю), што патрабавала аднагалоснага прыняцьця пастаноў Соймаў, бясконца прыводзіла да іх зрываў. Магнаты вялі паміж сабой сапраўдныя войны.

Першы падзел

Спробы праводзіць рэформы выклікалі рашучае супроцьдзеяньне ў суседніх з Рэччу Паспалітай Расеі, Аўстрыі і Прусіі.

У 1764 г. пры расейскай падтрымцы на трон узышоў колішні фаварыт Кацярыны ІІ вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, якому было наканавана стаць апошнім манархам дзяржавы.

Нягледзячы на ўзброены супраціў патрыётаў з так званай Барскай патрыятычнай канфэдэрацыі, у 1772 г. Расея, Аўстрыя і Прусія здзейсьнілі першы падзел Рэчы Паспалітай.

Карыкатура

Тагачасная карыкатура на першы падзел Рэчы Паспалітай

На Варшаўскім Сойме, які павінен быў зацьвердзіць ганебны падзел, супраць рашуча выступілі толькі тры дэпутаты-літвіны: Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і Станіслаў Багушэвіч. Згодніцкая большасьць ратыфікавала акт падзелу.

Тадэвуш Рэйтан

Тадэвуш Рэйтан

Канстытуцыя 3 траўня 1791 г

3 траўня 1791 г. Сойм Рэчы Паспалітай прыняў першую ў Эўропе і другую ў сьвеце Канстытуцыю.

Адукацыя і культура

Працягвала пасьпяховую дзейнасьць заснаваная прывілеем Стэфана Баторыя ў 1579 г. Віленская акадэмія. У 1773 г. была створаная Адукацыйная камісія, па сутнасьці, першае ў Эўропе міністэрства асьветы.

Семяновіч

Старонкі з кнігі Казімера Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. 1650 г.

Эўропейскую славу здабыў астраном і матэматык Марцін Пачобут-Адляніцкі. Асьветнік Ільля Капіевіч стварыў новы кірылічны шрыфт, якім дагэтуль карыстаюцца народы з кірылічным пісьменствам.

Аўтаркай шматлікіх арыгінальных п’есаў і перакладаў стала княгіня Францішка Ўршуля Радзівіл, паэтка і першая драматургіня у ВКЛ.

Другі і трэці падзелы

1795-ты стаўся годам трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зрокся трону. Разам з Рэччу Паспалітай спыніла існаваньне і радзіма нашых продкаў – Вялікае Княства Літоўскае.

Панятоўскі

Апошні вялікі князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Мастак Юзаф Ксавэр Гескі. 1783 г.

Храналёгія:

1569 – Люблінская вунія. Утварэньне Рэчы Паспалітай.
1596 – Берасьцейская царкоўная вунія.
1768 – 1772 – Барская патрыятычная канфэдэрацыя.
1772 – Першы падзел Рэчы Паспалітай.
3 траўня 1791 – Прыняцьце Канстытуцыі.
1793 – Другі падзел Рэчы Паспалітай.
1794 – Паўстаньне Тадэвуша Касцюшкі.
1795 – Трэці падзел Рэчы Паспалітай.

4. Войны з Масковіяй і Расейскай дзяржавай

Люстраны адбітак Арды

Расейскія гісторыкі традыцыйна перабольшваюць значнасьць Кулікоўскай бітвы (1380 г.), ствараючы тым самым бачнасьць, што перамога над Мамаем вызваліла Масковію ад татарскага прыгнёту. Насамрэч яшчэ цэлае стагодзьдзе пасьля таго маскоўцы плацілі татарам ганебную даніну, а Маскоўскае княства заставалася ўлусам Залатой Арды.

Вызваленьне ад ардынскага ярма ў 1480 г. было толькі вонкавым. Масковія пераняла дзяржаўную будову Арды і, па сутнасьці, зрабілася яе адлюстраваньнем. Пра гэта сьведчыла жорсткае адзінаўладзьдзе, чынгісханаўская ідэя панаваньня над усім сьветам, сьляпая падначаленасьць “холопов государевых” (так абавязаныя былі называць сябе нават самыя знатныя баяры).

У татараў пазычылі і арганізацыю войска, і тактыку выпаленай зямлі, і нялюдзкія расправы з насельніцтвам сумежных дзяржаваў, што было ўпершыню прадэманстравана пры зьнішчэньні Ноўгарадзкай і Пскоўскай рэспублік.

“Трэці Рым”

Крамлёўскія ўладары называлі сябе спадкаемцамі “другога Рыму” – Бізантыі, а значыць, выратавальнікамі хрысьціянаў ад усіх “паганых” і “раскольнікаў”. “Два Рима пала, а Москва третий есть, а четвертому не быти”, – заяўлялася ў дзяржаўных дакумэнтах.

Беларускія і ўкраінскія землі называліся там “искони” сваімі, хоць ніколі ў склад Маскоўскага княства не ўваходзілі. У 1492 г. Масковія распачала зь Вялікім Княствам Літоўскім першую вайну, якая паклала пачатак 300-гадовай агрэсіі на нашы землі. Другая вайна пачалася ў 1500-м, трэцяя – у 1507-м, чацьвертая – у 1512-м.

Гетман Астроскі і Аршанская перамога

8 верасьня 1514 г. ваяры-літвіны, ачоленыя найвышэйшым гетманам Канстанцінам Астроскім, разграмілі пад Воршай амаль утрая большае маскоўскае войска.

Канстанцін Астроскі

Найвышэйшы гетман Канстанцін Астроскі

Пераважную бальшыню падначаленых Астроскага складалі праваслаўныя беларусы. Гэта было яскравым сьведчаньнем іх дзяржаўнага патрыятызму і пярэчыць сьцьверджаньням расейскіх гісторыкаў пра “спрадвечнае імкненьне” нашых праваслаўных продкаў да аб’яднаньня з усходнімі братамі па веры.

8 верасьня незалежнае грамадзтва краіны сьвяткуе цяпер як Дзень беларускай вайсковай славы.

Бітва пад Воршай

“Бітва пад Воршай”. Фрагмэнт карціны ХVI ст.

Аршанская перамога мела вялікі розгалас у заходнеэўрапейскіх краінах, дзе Вялікае Княства заўсёды разглядалася як фарпост агульнай эўрапейскай цывілізацыі. Гетмана Астроскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі.

Пра пераможную баталію паведамілі тагачасныя газэты – “лятучыя лісткі”, надрукаваныя ў Ляйпцыгу, Нюрнбэрзе, Рыме… Паэтычныя зборнікі з творамі ў гонар трыюмфу выйшлі ў Рыме і Кракаве.

Разгром маскоўскіх захопнікаў пад Воршай тры дні сьвяткавалі нашы браты-чэхі, каралём якіх тады быў Уладзіслаў IІ, сын вялікага князя літоўскага і караля польскага Казімера Ягайлавіча.

Бітва пад Воршай

“Бітва пад Воршай”. Фрагмэнт карціны ХVI ст.

Аднак Масква не пакідала прэтэнзіяў на беларускія землі. У 1534 г. разгарэлася пятая вайна з усходнім суседам. Вонкавая агрэсія аслабляла дзяржаву, але, зь іншага боку, спрыяла яе кансалідацыі.

Інфлянцкая вайна

1558 год стаў пачаткам Інфлянцкай (Лівонскай) вайны. У час яе войскі Івана IV Жахлівага захапілі і спустошылі Полацак. Там было зьнішчанае ўсё іншавернае каталіцкае і юдэйскае насельніцтва, а тысячы праваслаўных жыхароў абвясьцілі палоннымі і пагналі ў няволю.

На гэтую трагедыю таксама адгукнуліся “лятучыя лісткі” ў розных гарадах Эўропы ад Любэку да Ліёну.

Маскавіты забіваюць мірных жыхароў

Маскавіты забіваюць мірных жыхароў. Нямецкая гравюра. 1560-я гг.

Нашы войскі на чале зь вялікім князем і каралём Стэфанам Баторыем вызвалілі Полацак толькі ў 1579 г.

Стэфан Баторы

Вялікі князь і кароль Стэфан Баторы

Маскоўская дзяржава пацярпела ў Інфлянцкай вайне цяжкую паразу і мусіла вярнуць Вялікаму Княству вялікую тэрыторыю з 40 гарадамі. Разам з тым тая вайна сталася прычынаю вымушанай Люблінскай вуніі з Польшчай, што несла для Княства пагрозу страты сувэрэнітэту.

Лятучы лісток

“Лятучы лісток” пра вызваленьне Полацку. Лёндан. 1579 г.

Крывавы патоп

Падзеі ХVІІ стагодзьдзя ў нашай гісторыі называюць “крывавым патопам”. Дзяржава вымушаная была тады ўдзельнічаць у доўгай вайне з Швэцыяй, а таксама ваяваць з Турцыяй і казакамі.

У той час эўрапейскую славу здабыў вялікі гетман Ян Кароль Хадкевіч, які разграміў швэдзкія войскі пад Кірхгольмам (1605 г.) і ў марской бітве пры Салісе (1609 г). Ён жа разьбіў туркаў у бітве пад Хацінам (1621 г.)

Ян Кароль Хадкевіч

Вялікі гетман Ян Кароль Хадкевіч

Але галоўным і найбольш небясьпечным ворагам заставалася Расейская дзяржава. Самай страшнай з шэрагу войнаў таго пэрыяду і наогул найцяжэйшай у айчыннай гісторыі сталася Трынаццацігадовая (1654 – 1667 гг.).

Трынаццацігадовая вайна

На ўсходнія абшары дзяржавы ўварваліся тры велізарныя расейскія арміі і саюзныя зь імі 20 тыс. казакоў украінскага гетмана Залатарэнкі. Нягледзячы на гераічны супраціў і некалькі перамогаў вялікага гетмана Януша Радзівіла, захопнікі занялі Віцебск, Полацак, Воршу, Шклоў, Крычаў, Гомель, Рэчыцу ды дзясяткі іншых гарадоў і мястэчкаў.

Тыя зь іх, што адмаўляліся ад капітуляцыі і бараніліся, былі на загад цара разбураныя, а іх насельніцтва вынішчанае альбо выведзенае ў палон. Асабліва цяжкі лёс напаткаў Мсьціслаў, дзе царскія стральцы выразалі больш за 10 тысяч абаронцаў і жыхароў, а горад ператварылі ў папялішча. У 1655 г. была ўзятая Вільня, дзе акупанты таксама ўчынілі вусьцішную разьню.

Царскія ваякі і казакі займаліся на захопленых землях рабаваньнем і гвалтам. Палонных прадавалі расейскім памешчыкам па 3 –5 рублёў за “галаву”. У рэлігійнай і нацыянальнай палітыцы расейскія ўлады кіраваліся прынцыпамі: “униатам не быть”, “костелам не быть”, “жидам жития никакого не имети”.

Цар Аляксей Міхайлавіч і маскоўскі патрыярх Нікан абвясьцілі пра намер “вывести из Белой Руси” 300 тыс. чалавек. Насамрэч колькасьць вымушаных перасяленцаў была значна большай. На ўсход выводзілі і сялянаў, і шляхту, але пераважна – гараджан-рамесьнікаў, што часта валодалі яшчэ невядомымі ў Расеі спэцыяльнасьцямі і тэхналёгіямі.

Вызвольны рух

У адказ пачаўся масавы партызанскі рух. У Прыдзьвіньні і Прыдняпроўі партызаны ўступалі ў адкрытыя баі з рэгулярнымі варожымі сіламі. На Мсьціслаўшчыне дзейнічаў 3-тысячны адзьдзел народных мсьціўцаў.

Жыхары Магілева, якія, паверыўшы царскаму слову не чыніць крыўды, здалі расейскім стральцам горад бяз бою, ня вытрымаўшы зьдзекаў і бясконцых рабункаў, 1 лютага 1661 г. паўсталі і за некалькі гадзін перабілі ўвесь 7-тысячны расейскі гарнізон.

Магілеўскае паўстаньне

Магілеўскае паўстаньне супроць расейскіх захопнікаў

Народны вызвольны рух на акупаваных землях даў магчымасьць войскам Рэчы Паспалітай перайсьці да пасьпяховых наступальных дзеяньняў. Захопнікаў разграмілі ў бітвах каля мястэчка Палонка паміж Слонімам і Ляхавічамі і пад Кушлікамі паблізу Полацку. Была адваяваная Вільня.

Катастрафічныя наступствы

Вялікае Княства выйшла з Трынаццацігадовай вайны зь неверагодна цяжкімі стратамі. Насельніцтва беларускіх земляў зьменшылася больш чым напалову: з 2,9 млн чалавек да 1,4 млн. У Полацкім, Віцебскім і Мсьціслаўскім ваяводзтвах ацалела менш за 1/3 жыхароў. У ваяводзкім Менску іх засталося ўсяго 170.

У выніку расейскай тактыкі выпаленай зямлі большасьць гарадоў і мястэчкаў сталі руінамі і папялішчамі. Рамесная вытворчасьць ужо ніколі не ўзьнялася да ранейшага ўзроўню. З галоўнага эспартэра збожжа ў Эўропе Вялікае Княства ператварылася ў краіну, што зь цяжкасьцю забясьпечвала ўласныя патрэбы.

Гэта была дэмаграфічная, эканамічная і культурная катастрофа. У ёй -- вытокі многіх цяперашніх беларускіх праблемаў і няшчасьцяў.

Пётар І у Беларусі. Саюзьнікі ці захопнікі?

Саксонскі курфюрст Аўгуст, які заняў вялікакняскі і каралеўскі троны пасьля Яна Сабескага, стаў саюзьнікам Пятра І у Паўночнай вайне з Швэцыяй. На нашых землях дзейнічала 70-тысячная расейская армія. Каб пазбавіць непрыяцеля правіянту, яна выкарыстоўвала звыклую тактыку выпаленай зямлі. Саюзьнікі больш нагадвалі захопнікаў.

Прыклады нялюдзкай жорсткасьці ў стаўленьні да беларускага насельніцтва даваў сам цар. У Полацку ён разам зь сьвітай асабіста ўдзельнічаў у забойстве пяці вуніяцкіх сьвятароў і манахаў у Сафійскім саборы. Найстаражытнейшы беларускі храм абрабавалі і ператварылі ў парахавое сховішча. Напярэдадні адыходу з гораду расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і ператварылі сабор у руіны.

Сафійскі сабор

Полацкі Сафійскі сабор, адбудаваны ў ХVIII ст. пасьля зруйнаваньня салдатамі Пятра І

Расейскія войскі спалілі Магілеў, Віцебск, Воршу, Мсьціслаў…У Менску ў адказ на рабаваньне храмаў і манастыроў праваслаўнае брацтва заклікала месьцічаў да зброі і на Нямізе саюзьнікі-марадзёры атрымалі рашучы адпор.

За гады той вайны Беларусь страціла ад баявых дзеяньняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў, кожнага трэцяга.

Падтрымліваючы курфюрста Аўгуста, супроць якога паўстала канфэдэрацыя польскай і літвінскай шляхты, Пётар І стаў пратэктарам Рэчы Паспалітай і дамогся скарачэньня яе войскаў да 24 тыс. Тым часам арміі суседзяў складалі: у Расеі – 350 тыс., у Аўстрыі – 280 тыс., у Прусіі – 200 тыс. Рэч Паспалітая ўсё больш нагадвала не саюзьніцу, а прыдатак царскай імпэрыі.

Храналёгія:

1492-1494 – Першая вайна Масковіі з ВКЛ.
1500-1503 – Другая вайна Масковіі з ВКЛ.
1507-1508 – Трэцяя вайна Масковіі з ВКЛ.
1512-1522 – Чацьвертая вайна Масковіі з ВКЛ.
8 верасьня 1514 – Аршанская перамога.
1534-1537 – Пятая вайна Масковіі з ВКЛ.
1558-1582 – Інфлянцкая (Лівонская) вайна.
1609-1618 – Вайна Рэчы Паспалітай з Расеяй.
1632-1634 – Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай.
1654-1667 – Трынаццацігадовая вайна.
1700-1721 – Паўночная вайна.
1 траўня 1710 – Салдаты Пятра І узарвалі Полацкі Сафійскі сабор.

5. Беларусь у турме народаў

Каляніяльны ўціск

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь апынулася ў адсталай мілітарызаванай Расейскай імпэрыі, якую Маркс і Энгельс трапна назвалі “жандарам Эўропы”, а Ленін – “турмой народаў”.

Павел І

Расейскі імпэратар Павел І. Мастак Сьцяпан Шчукін

Насуперак сьверджаньням расейскіх гісторыкаў, царская імпэрыя была менавіта каляніяльнай, але, адрозна, напрыклад, ад Брытанскай – не заморскай, а кантынэнтальнай. Гэта значыць, калёніі знаходзіліся побач з мэтраполіяй, а часам мелі этнічную і рэлігійную блізкасьць зь ёю, што дазваляла – як у выпадку зь беларусамі і ўкраінцамі – маскаваць прыгнёт, накідаць паняволеным народам чужую гісторыю, культуру, мову і наогул адмаўляць ім у самастойнасьці, называючы часткаю “общерусского племени”.

Касьцёл у Зэмбіне

Касьцёл у Зембіне пад Барысавам, зачынены расейскімі калянізатарамі

Сяляне галасавалі нагамі

Феадальная гаспадарка ў Расеі вызначалася прымітыўнасьцю, а формы эксплюатацыі былі больш цяжкія, чым у Рэчы Паспалітай. Прыгонных сялянаў, якія раней пераважна плацілі грашовы аброк, пагналі на паншчыну. Гаспадары атрымалі права прадаваць іх безь зямлі.

Памешчыкі шырока практыкавалі здачу тысяч прыгонных беларусаў на цяжкія будаўнічыя работы ў расейскія губэрні. Кацярына ІІ і яе сын імпэратар Павел І раздалі сваім дваранам больш за 500 тыс. беларускіх сялянаў, большасьць якіх раней былі асабіста свабоднымі. Сувораў, што душыў паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі, атрымаў ва ўзнагароду цэлае Кобрынскае староства ды іншыя беларускія землі зь некалькімі дзясяткамі тысяч прыгонных “душ”.

Продкі галасавалі за такое “уз’яднаньне” і “вызваленьне” нагамі. За два дзесяцігодзьдзі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай за мяжу, у тады яшчэ існае Вялікае Княства перайшлі больш за 30 тыс. сялянаў. Пасьля захопу іншых беларускіх земляў у выніку другога і трэцяга падзелаў вяскоўцы ўцякалі з праваслаўнай Расеі-“выратавальніцы” на Беласточчыну, пад уладу пратэстанцкай Прусіі.

У сваіх нотах расейскі ўрад называў тыя масавыя ўцёкі “неразумнай эміграцыяй”, ацэньваючы агульную колькасьць перасяленцаў у 300 тыс. ”галоў”. Жорстка караліся шматлікія сялянскія бунты супроць узмацненьня прыгонных парадкаў. Іхніх удзельнікаў аддавалі ў салдаты, высялялі ў далёкія расейскія губэрні.

Менскі гарадзкі тэатр

Менскі гарадзкі тэатар (цяпер Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы), дзе адбываўся Першы Усебеларускі зьезд

Бяз вольнасьцяў, гербаў і ратуш

Рэзка пагоршылася і становішча гарадзкога насельніцтва. У нашых гарадоў і мястэчкаў адабралі старыя гербы і скасавалі магдэбурскае права на самакіраваньне. Ратушы, дзе раней працаваў магістрат, калянізатары – каб сьцерці памяць пра былыя вольнасьці – прыстасоўвалі пад суды, турмы, паліцэйскія ўправы, а часам, як гэта здарылася ў Менску, проста руйнавалі.

Менскі высокі рынак

Менскі Высокі рынак з ратушай, пазьней зруйнаванай расейцамі. Гравюра ХVIII ст.

Мяшчанаў таксама абклалі падушным падаткам і ў вайсковай павіннасьці прыраўнялі да сялянаў. Падаткі ў беларускіх губэрнях да 1811 г. заставаліся ў чатыры-пяць разоў цяжэйшыя, чым у расейскіх.

Расейская асыгнацыя

Расейская асыгнацыя

У ажыцьцяўленьні сваіх мэтаў калянізатары цалкам пагарджалі лёсам нашых людзей. У старажытным Берасьці расейцы пастанавілі пабудаваць фартэцу для ўмацаваньня заходніх межаў імпэрыі. Дзеля гэтага быў зьнішчаны цэлы горад з усімі пабудовамі і нават могілкамі, а жыхароў перасялілі за некалькі кілямэтраў.

Рэкруцкія наборы

На зьмену прафэсійнаму войску Вялікага Княства Літоўскага ў Расейскай імпэрыі прыйшлі невядомыя раней нашым продкам рэкруцкія наборы. У рэкруты бралі маладых здаровых мужчын ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў. Служыць спачатку трэба было ўсё жыццё, потым гэты тэрмін скарацілі да 25 гадоў, але родныя ўсё роўна праводзілі рэкрутаў, нібы на той свет.

Беларус-рэкрут

Беларус-рэкрут з Полацкага мушкетэрскага палка царскай арміі. Літаграфія ХІХ ст.

Мірным часам Пецярбург патрабаваў ад кожных 500 “мужчынскіх душ” аднаго салдата, а ў вайну – чатырох, пяці і нават васьмі. Да канца ХVІІІ ст. беларускія губерні далі імпэрыі 100 тыс. салдатаў, а ў адным толькі 1811 г. расейская армія атрымала 14750 рэкрутаў. Беларусы рабіліся гарматным мясам у захопніцкіх царскіх паходах.

Людзі другога гатунку

Царская ўлада ненавідзела народную вуніяцкую веру, бо яна захоўвала беларускую мову і звычаі, перашкаджаючы перарабляць беларусаў-літвінаў на расейцаў. Вуніятаў пачалі гвалтам пераводзіць у праваслаўе.

Сафійскі сабор

Сафійскі сабор і зачынены ўладамі вуніяцкі базылянскі манастыр у Полацку

Аднак калянізатары не давяралі і мясцовым праваслаўным сьвятарам. Іх адпраўлялі служыць у далёкія губэрні, а адтуль прысылалі “истинно русских священнослужителей”, якія ня ведалі ні мовы, ні традыцыяў сваіх парафіянаў, зацята змагаліся з Калядамі, Купальлем, Дзядамі, з усімі спрадвечнымі беларускімі сьвятамі і звычаямі.

У Вялікім Княстве Літоўскім закон даваў шляхцянкам і мяшчанкам шырокія правы ў валоданьні маёмасьцю. Забаранялася гвалтоўна браць дзяўчыну замуж. Жанчыны ўплывалі на дзяржаўныя справы, засноўвалі манастыры, лякарні, друкарні. У Расейскай імпэрыі нашы жанчыны сталі амаль цалкам бяспраўнымі.

Людзьмі другога гатунку зрабіліся ў Расеі і габрэі, што некалькі стагодзьдзяў жылі ў Вялікім Княстве і мелі там шмат правоў. Габрэяў-юдэяў абклалі цяжкімі падаткамі і ўсталявалі для іх “мяжу аселасьці”, за якой не дазвалялася сяліцца.

Цягам стагодзьдзяў нашы юнакі карысталіся правам набываць адукацыю ў эўрапейскіх навучальных установах. Каляніяльныя ўлады ўбачылі тут небясьпеку “пашырэньна вальнадумства”, і цар Аляксандар І выдаў адмысловы ўказ: жыхарам Літвы-Беларусі пасылаць дзяцей вучыцца ў замежныя ўнівэрсытэты забаронена.

Вайна з мовай

У Расеі беларусаў не лічылі асобным народам і не прызнавалі нашай мовы. Царскія ўлады ставілі мэту “низвести белорусский язык на ничто”. Яе выкананьне ўскладалася на расейскіх чыноўнікаў, настаўнікаў і праваслаўных папоў. За ўвесь час свайго панаваньня царскія ўлады не дазволілі адчыніць ніводнай беларускай школы.

У продкаў адбіралі спрадвечныя імёны. Якубаў у новых дакумэнтах запісвалі “Яковами”, Язэпаў – “Иосифами”, Анэляў – “Аннами”. Габрыэль мог ператварыцца ў “Гаврилу”, Дамінік – у “Дементия”, “Мальвіна” – у “Марфу”, а Францішка – у “Прасковью”. Царскія пісары, як каму заманецца, перараблялі на свой капыл даўнія імёны Усяслаў, Брачыслаў, Альгерд, Рагнеда, Зьвеніслава. Да беларускіх прозьвішчаў дадавалі расейскія канчаткі, а прыгонных часта проста запісвалі на прозьвішча расейскага памешчыка.

Мары аднавіць дзяржаву

Ранейшых прывілеў і вольнасьцяў былі пазбаўленыя магнаты і шляхта, якіх у ВКЛ называлі “палітычным народам”. Да шляхты належала прыблізна дзясятая частка насельніцтва. (Дзеля параўнаньня: у суседніх Расеі, Аўстрыі й Прусіі дваранства скадала 1% жыхарства.)

Калянізатары праводзілі праверку шляхецкіх дакумэнтаў і масава прыпісвалі шляхцічаў да сялянскага або мяшчанскага стану.

Замак у Смалянах

Замак у Смалянах быў разабраны на цэглу. Мастак Язэп Пешка. 1802 г.

Царскія ўлады баяліся вальналюбнага “палітычнага народу”, а шляхта варожа ставілася да новых парадкаў і марыла пра адраджэньне ўласнай дзяржавы і яе вяртаньне да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Незадаволенымі каляніяльнымі імпэрскімі новаўвядзеньнямі былі шырокія колы ўсіх жыхароў краю. Зьняважаная паняволеная Айчына адказала вызвольнымі паўстаньнямі.

Храналёгія:

1775 – Указ Кацярыны ІІ пра пазбаўленьне ўсходнебеларускіх гарадоў і мястэчкаў магдэбурскага права.
1793 – Вызначэньне 25-гадовага тэрміну рэкруцкай службы.
1794 – Указ аб пачатку пераводу вуніятаў у праваслаўе.
1794 – Увядзеньне для габрэяў “мяжы аселасьці”.
1795 – Магдэбурскае права скасаванае на ўсім абшары былога ВКЛ.
1797 – Сялянскія бунты супроць узмацненьня прыгоньніцтва ў Полацкім, Віцебскім, Гарадоцкім і Сураскім паветах.

6. Змагарнае стагодзьдзе

1794-ты: Да зброі, літвіны!

Увесну 1794 г. выбухнула вызвольнае паўстаньне, накіраванае супраць расейскіх і прускіх акупантаў і другога падзелу Рэчы Паспалітай. Мэтамі змагароў было аднаўленьне незалежнасьці дзяржавы ў межах 1772 г., вяртаньне Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. і працяг рэформаў.

Тадэвуш Касьцюшка

Тадэвуш Касьцюшка

Барацьбу за вызваленьне ўзначаліў Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка. 24 сакавіка ў Кракаве ён абвясьціў Акт паўстаньня. Будучы правадыр паўстанцаў прыйшоў на сьвет у фальварку Марачоўшчына паблізу мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён). Ён належаў да старажытнага шляхецкага беларускага роду і заўсёды падкрэсьліваў сваё літвінскае паходжаньне.

Дом у Марачоўшчыне

Дом у Марачоўшчыне, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Мастак Напалеон Орда. 1860-я гг.

Пасьля навучаньня ў Варшаўскім кадэцкім корпусе і Парыскай вайсковай школе Тадэвуш удзельнічаў у вайне за незалежнасьць Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе атрымаў званьне генэрала. За перамогі, здабытыя дзякуючы яго таленту вайсковага інжынэра, ён стаў нацыянальным героем ЗША. У штаце Місісіпі ягоным імем названы горад.

Нашаму выдатнаму суайчыньніку, які зьяўляецца таксама нацыянальным героем Польшчы й Беларусі і ганаровым грамадзянінам Францыі, пастаўленыя помнікі ў Вашынгтоне, Кліўлэндзе, Чыкага, у Варшаве і Кракаве, Залатурне (Швайцарыя) ды іншых мясьцінах. У Марачоўшчыне дзейнічае музей-сядзіба Касьцюшкі і ўсталяваны велічны манумэнт выдатнаму сыну беларускай зямлі.

Інсургенты Якуба Ясінскага

На абшары Вялікага Княства Літоўскага на чале паўстаньня стаяў генэрал Якуб Ясінскі. Яго паплечнікамі былі Тамаш Ваўжэцкі, Міхал Клеафас Агінскі, Стафан Грабоўскі, Кароль Серакоўскі. Ясінскі належаў да “віленскіх якабінцаў” – прыхільнікаў ідэй Францускай рэвалюцыі, што выступалі за рэспубліканскі дзяржаўны лад, роўнасьць станаў і адмену прыгону.

Якуб Ясінскі

Якуб Ясінскі

У Княстве за зброю ўзяліся 40 тыс. нашых продкаў. Яны вызвалілі Вільню, Берасьце, Горадню, Наваградак, Слонім, Пінск, Ліду, Браслаў… Паўстанцкае войска ўключала ў сябе людзей усіх станаў – шляхту, мяшчанаў, сьвятароў, узброеных косамі сялян-касінераў.

Але Касьцюшка пабаяўся абаперціся на просты народ і, нязгодны з радыкальнай праграмай Ясінскага, адхіліў яго ад кіраўніцтва.

Сувораўскія карнікі

Расея кінула на інсургентаў вялікую, выдатна ўзброеную і загартаваную ў захопніцкіх паходах рэгулярную армію на чале з генэралам Суворавым. Ён заліў нашу зямлю крывёю: загадваў расстрэльваць палонных паўстанцаў, паліць вёскі, якія дапамагалі патрыётам, караць сьвятароў, якія пратэставалі супраць нялюдзкіх расправаў.

Для беларусаў Сувораў – карнік і камандзір захопнікаў. У канцы паўстаньня, калі Тадэвуш Касьцюшка патрапіў у палон, кіраўніцтва над усімі сіламі інсургентаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай перайшло да яшчэ аднаго нашага суайчыньніка – Тамаша Ваўжэцкага родам з Браслаўшчыны.

Разня ў Варшаве

Разьня ў варшаўскім прадмесьці Прага 4 лістапада 1794 г. Мастак Аляксандар Арлоўскі. 1810 г.

На пачатку лістапада 1794 г. салдаты Суворава штурмам узялі варшаўскае прадмесьце Прагу (правабярэжжа Віслы) і зь нечалавечай лютасьцю зьнішчылі ня толькі яе абаронцаў, але і ўсіх жыхароў – блізу 25 тысяч. У той разьні карнікі не шкадавалі ні жанчын, ні старых, ні дзяцей-немаўлятаў. Разьюшаныя крывёю, “сувораўскія героі” разам зь людзьмі забівалі ўсё жывое – коней, сабак, катоў. У той дзень загінуў у баі і генэрал-лейтэнант Якуб Ясінскі.

Спроба аднавіць ВКЛ у 1812-м

Вайна 1812 г. не была для беларусаў Айчыннай. Паход Напалеона на Расею патрыёты разьлічвалі выкарыстаць для аднаўленьня Вялікага Княства і вызваленьня ад імпэрскага прыгнёту.

Напалеонаўскія войскі з надзеяй чакала пераважная большасьць насельніцтва Літвы-Беларусі. Сяляне спадзяваліся на скасаваньне прыгону. Каталіцкае і вуніяцкае духавенства разьлічвала пазбыцца шматлікіх уведзеных захопнікамі абмежаваньняў.

Як вызваліцеля Напалеона сустракала наша колішняя сталіца Вільня. Урачыстая сустрэча была наладжаная ў Менску маршалу Даву. У Магілеве Банапарту прысягнуў епіскап Варлам з праваслаўным духавенствам. Прывітальны зварот да францускага імпэратара ад імя беларускай шляхты быў зачытаны ў Смаленску.

25 тыс. нашых суайчыньнікаў служылі ў Вялікай арміі Напалеона і больш за 1500 ў ягонай гвардыі.

Менскія ўланы

Менскія ўланы зь Вялікай арміі Напалеона

Аднак Напалеон марыў пра панаваньне над усім сьветам, а лёс таго ці іншага народу яго ня надта цікавіў. Часовы ўрад адноўленага ВКЛ ня меў права прымаць пастановаў бяз згоды францускага камісара і найперш мусіў займацца зборам падаткаў для арміі.

Замест адмены прыгону сялянаў напаткалі бясконцыя рэквізіцыі і рабункі, што прымушала ствараць партызанскія аддзелы. Ад тых часоў захавалася паданьне, як у ваколіцах Віцебску Напалеон запытаўся ў бабулі-сялянкі, каму яна зычыць перамогі: французам ці расейскаму цару? Мудрая беларуска адказала: “Хачу, каб вы загналі маскалёў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы.”

У 1812 г. у баявых дзеяньнях, ад голаду і эпідэмій на нашых землях загінуў мільён чалавек, кожны чацьверты жыхар.

Таемныя таварыствы

Вызвольны рух працягваўся ў дзейнасьці таемных патрыятычных арганізацый. Самымі вядомымі былі таварыствы філяматаў і філярэтаў (апошняе налічвала больш за 300 сяброў), створаныя студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту Тамашом Занам, Адамам Міцкевічам, Францішкам Малеўскім ды іх аднадумцамі.

Філіі таварыстваў існавалі ў Полацку, Віцебску, Сьвіслачы. На гэтыя аб’яднаньні значны ўплыў мелі масоны. На пачатку ХІХ ст. на абшары былога ВКЛ існавала 15 масонскіх ложаў, куды ўваходзілі сотні сяброў, у тым ліку вельмі вядомыя асобы.

Тамаш Зан

Тамаш Зан. Мастак Валенці Ваньковіч

У 1823 г. таварыствы філяматаў і філярэтаў раскрыла паліцыя. Маладыя патрыёты былі зьняволеныя, а потым высланыя ў аддаленыя губэрні Расеі. Зь Віленскага ўнівэрсытэту звольнілі іхняга ідэйнага натхняльніка гісторыка і грамадзкага дзеяча прафэсара Яўхіма Лялевеля, аўтара закліку “За нашу і вашу свабоду!”, а таксама прафэсараў Міхала Баброўскага і Ігната Даніловіча, якіх лічаць пачынальнікамі беларускага нацыянальнага адраджэньня.

Але дзейнасьць патрыятычных арганізацый не спынялася. У Гарадзенскай губэрні і Беластоцкай вобласьці былы філярэт Міхал Рукевіч стварыў таварыства “Вайсковыя сябры”. У Віленскім унівэрсытэце ўзьнікла таварыства “ Патрыёты Айчыны”, альбо “Племя сарматаў”. Сотні студэнтаў, шляхцічаў, чыноўнікаў і рамесьнікаў аб’ядноўваў “Братні саюз літоўскай моладзі”, зьвязаны з афіцэрамі і салдатамі Менскага гарнізону і Бабруйскай фартэцы.

Паўстаньне 1831 году

У сакавіку таго змагарнаго году ўсьлед за Польшчай Літва-Беларусь зноў паўстала. Кіраўнікі паўстанцаў дамагаліся аднаўленьня Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Інтарэсы сялянаў амаль ня ўлічваліся, а таму асноўнай сілай інсургентаў была шляхта.

Усяго на тэрыторыі былога ВКЛ ваявала 35 тыс. патрыётаў. Найбольш актыўна яны дзейнічалі на Віленшчыне, пазьней у ваколіцах Белавескай пушчы. На памежжы Віленскай і Віцебскай губэрняў пасьпяхова змагаўся паўстанцкі аддзел, створаны і ўзначалены маладой графіняй Эміліяй Плятэр – беларускай фальклярысткай і паэткай, якая за мужнасьць у баях атрымала званьне капітана.

Эмілія Плятэр

Эмілія Плятэр. Гравюра 1830-х гадоў

Вільня апынулася ў паўстанцкай блякадзе, але вызваліць горад не ўдалося. У чэрвені на Панарскіх гарах пад Вільняй злучаныя сілы інсургентаў прайгралі бітву 25-тысячнаму расейскаму войску. У жніўні карнікі задушылі апошнія агмені супраціву. Тысячы патрыётаў пакінулі краіну.

За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстаньні ўлады ў 1832 г. зачынілі Віленскі ўнівэрсытэт. Паўстаньне мела і міжнароднае значэньне. Барацьба нашых продкаў не дазволіла Расеі паслаць войскі на задушэньне рэвалюцыі ў Францыі.

“Певцы свободы”

Заклік “За нашу і вашу свабоду!”, зьвернуты да расейскіх дэмакратаў, застаўся у 1831 г. без адказу. Прычым “валадары думаў” ня проста прамаўчалі. Пушкін, якога ўсходнія суседзі часта называюць “певцом свободы”, у лісьце да паэта Пятра Вяземскага пісаў пра паўстанцаў: “… их надобно задушить и наша медлительность мучительна”. Пушкін, Лермантаў ды іншыя літаратары Расеі падтрымлівалі палітыку паняволеньня іншых народаў і марылі пра той “слаўны час”, калі над усімі імі пераможна ўздымецца дзьвюхгаловы імпэрскі арол.

1863-ці: Каго любіш? – Люблю Беларусь!

Нягледзячы на рэпрэсіі, у народзе мацнела пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Праз трыццаць гадоў наш край разам з Польшчай зноў падняўся на змаганьне. Расейскія гісторыкі называюць паўстаньне ў Беларусі “польскім”, але многія гісторыкі Польшчы самі ж даўно зрабілі выснову, што на нашых землях збройнае змаганьне было ня польскім, а беларускім. У ім бралі ўдзел беларусы, камандзірамі таксама былі беларусы.

Сярод паўстанцкіх кіраўнікоў былі тыя, хто змагаўся ўжо не за аднаўленьне Рэчы Паспалітай, а за самастойную Беларусь. Адным з паўстанскіх пароляў былі зноўдзеныя ў архівах словы: “Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна!”. Змагары мелі сваю газэту на беларускай мове – “Мужыцкую праўду”.

У барацьбе за вольную будучыню ўдзельнічалі беларускія паэты Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Фэлікс Тапчэўскі, Элегі Вуль. Паўстаньне сталася першым крокам да будучай незалежнасьці Беларусі.

Каліноўскі – першы беларускі палітык

У Літве-Беларусі вызвольным паўстаньнем кіраваў Кастусь Каліноўскі, якога мы шануем як нацыянальнага героя і першага нацыянальнага палітыка. Ён паходзіў зь беларускага шляхецкага роду гербу “Калінова”, а нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (цяпер вёска ў Падляскім ваяводзтве Польшчы).

Пасьля Сьвіслацкай гімназіі Каліноўскі на “выдатна” скончыў юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту і атрымаў ступень кандыдата права.

Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі. Фота Ахіла Банольдзі. 1862 г.

Вярнуўшыся на Гарадзеншчыну, Кастусь хутка стварыў моцную нелегальную арганізацыю і ўвайшоў у віленскі цэнтар падрыхтоўкі паўстаньня, які неўзабаве ўзначаліў. Разам з аднадумцамі ў 1862 г. ён пачаў выдаваць лацінкаю першую ў гісторыі беларускую газэту – “Мужыцкую праўду”. Словы Каліноўскага, надзеленага яскравым літаратурным талентам, хутка рабіліся крылатымі. Гэта яму належыць афарыстычнае выслоўе “Не народ для ўраду, а ўрад для народу!”

З пачаткам збройнага змаганьня віленскі паўстанцкі камітэт абвясьціў сябе Часовым урадам. Каліноўскі не хацеў падначальвацца варшаўскаму кіраўніцтву і патрабаваў раўнапраўя Вільні з Варшавай. Ён выступаў за роўнасьць усіх жыхароў краю, за перадачу зямлі сялянам, за незалежную рэспубліканскую будучыню былых народаў Рэчы Паспалітай.

Варшаўскія дзеячы адхілілі Каліноўскага ад кіраўніцтва, але ён меў такі аўтарытэт, што ў хуткім часе зноў засяродзіў у сваіх руках уладу ў Літве-Беларусі.

Баі і паходы

Першыя баі на беларускім этнічным абшары адбыліся ў студзені 1863 г. 1 лютага Часовы ўрад у Вільні выдаў маніфэст аб паўстаньні. Пачалося хуткае стварэньне змагарскіх аддзелаў, куды пераважна ўступала шляхта, чыноўнікі, студэнты і навучэнцы. Пятую частку паўстанцаў складалі сяляне.

Некаторыя аддзелы ўяўлялі вялікую сілу. Да прыкладу, пад камандаю Зыгмунта Серакоўскага дзейнічала створанае на Ковеншчыне 2-тысячнае злучэньне.

Паўстанцы

Паўстанцы. Фота 1863 г.

Гераічна дапамагалі ў збройным змаганьні нашы жанчыны, якія былі сувязнымі, кур’еркамі, сёстрамі міласэрнасьці, стваралі камітэты салідарнасьці, што бралі пад апеку паўстанцкія сем’і і вязьняў царскіх турмаў. У гісторыі пакінулі свае імёны Марыя і Людвіка Ямант, Каміла Марцінкевіч, Апалёнія Серакоўская, Алена Скірмунт.

Людвіка Ямант

Людвіка Ямант. Фота 1860-х гадоў

Будучая славутая пісьменьніца Эліза Ажэшка хавала ў сябе параненага генэрала, нашага суайчыньніка Рамуальда Траўгута. Потым ён кіраваў усёй узброенай барацьбой на землях былой Рэчы Паспалітай.

Эліза Ажэшка

Эліза Ажэшка. Фота 1905 г.

Напачатку інсургенты атрымалі некалькі значных перамог. Аддзел Людвіка Зьвяждоўскага заняў горад Горы-Горкі на ўсходзе Беларусі. На захадзе паўстанцы авалодалі Пружанамі і мястэчкам Сьвіслач. З баямі дайшло зь Берасьцейшчыны да Слуцкага павету фармаваньне Рамана Рагінскага. Пасьпяхова ваявалі з расейскімі карнікамі на Лідчыне змагары Людвіка Нарбута. Удалую рэйкавую вайну вялі патрыёты на тагачасных чыгунках.

Адзін да дзесяці

Усяго на тэрыторыі былога Вялікага Княства паўстанцы правялі зь імпэрскімі войскамі 237 баёў і баявых сутычак. Найбольш пасьпяховая бітва адбылася 3 чэрвеня пад вёскаю Мілавіды (цяпер Баранавіцкі раён). Але сілы былі занадта няроўныя: супраць паўстанцаў дзейнічала амаль 150-тысячная імпэрская армія. На аднаго інсургента прыпадала па дзесяць добра ўзброеных і вымуштраваных карнікаў.

Расстрэл паўстанца

Расстрэл паўстанца. Тагачасны малюнак

Расея патапіла паўстаньне ў крыві. Дакладная колькасьць палеглых за свабоду ў Літве-Беларусі невядомая. З тых інсургентаў, хто патрапіў у палон ці быў арыштаваны, 181 быў павешаны ці расстраляны, каля тысячы асуджаныя на катаргу. Больш за 12 500 паўстанцаў выслалі з родных мясьцін або адправілі ў арыштанцкія роты. За падтрымку змагароў многія беларускія вёскі палілі, а жыхароў высылалі ў Сібір.

Лісты з-пад шыбеніцы

На схіле паўстаньня Кастусь Каліноўскі адмовіўся пакінуць Айчыну. Схапіць яго жандарам ўдалося толькі ў студзені 1864-га. З турэмнай камэры ён здолеў перадаць на волю напісаны па-беларуску запавет – “Лісты з-пад шыбеніцы”, якія ў арыгінале называюцца “Да люду беларускага”.

Наш нацыянальны герой не жадаў няшчасьцяў расейскаму народу, але лічыў, што ў выніку ганебнага мангола-татарскага ярма і царскага прыгнёту з азіяцкімі парадкамі ў Расеі ўкаранілася няволя ды імкненьне панаваць над усім сьветам. Зьвяртаючыся да беларусаў, Кастусь пісаў: “З-пад шыбеніцы кажу, народзе, што толькі тады зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ня будзе”.

22 сакавіка 1864 г. Каліноўскі загінуў у Вільні на расейскай шыбеніцы. У 2019-м ягоны прах разам з парэшткамі паплечнікаў быў перапахаваны ў капліцы на віленскіх могілках Росы.

“Бокал заздравный поднимая”

На баку карнікаў зноў, як і ў час папярэдняга паўстаньня, была бальшыня расейскіх “уладароў дум” і найперш літаратараў. Мікалай Някрасаў прысьвяціў прывітальную оду царскаму сатрапу Міхаілу Мураўёву (дарэчы, былому дзекабрысту), які кіраваў разгромам паўстаньня і атрымаў мянушку Вешальнік: Бокал заздравный поднимая, / Еще раз выпить нам пора / Здоровье миротворца края! / Так много ж лет ему! Ура!

Леў Талстой у 1863 г., маючы на ўвазе дапамогу імпэрскім войскам, пісаў паэту А. Фету: “Ці не давядзецца нам з вамі зноў здымаць меч з іржавага цьвіка?” Фёдар Дастаеўскі ў рамане “Браты Карамазавы” спрабаваў высьмеяць высланых паўстанцаў, сьцьвярджаючы, што яны паехалі ў Сібір не паднявольна, а за добры заробак як царскія службоўцы.

Нягледзячы на ўсю хлусьню, якая працягвае тыражавацца і сёньня, паўстаньне 1863 – 1864 гг. застаецца адным зь нешматлікіх у ХІХ ст. прыкладаў, калі найлепшыя людзі паняволенага народу, баронячы чалавечую і нацыянальную годнасьць, паўсталі супроць велізарнай імпэрыі і коштам сваіх жыцьцяў засьведчылі прыхільнасьць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, канстытуцыйнасьці і парлямэнтарызму.

Храналёгія:

1794 – Паўстаньне Тадэвуша Касцюшкі.
1812 – Паход Напалеона.
1817–1823 – Дзейнасьць таемнага таварыства філяматаў.
1825 – Стварэньне рэвалюцыйнага таварыства “Вайсковыя сябры”.
1830–1831 – Вызвольнае паўстаньне у Беларусі, Літве і Польшчы.
19 чэрвеня 1831 – Бітва на Панарскіх гарах пад Вільняй.
2 лютага 1838 – Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі.
1862–1863 – Выданьне газэты “Мужыцкая праўда”.
студзень 1863 – Пачатак паўстаньня Каліноўскага.
3 чэрвеня 1863 – Пераможная бітва паўстанцаў з расейскімі карнікамі пад Мілавідамі.
22 сакавіка 1864 – Пакараньне Кастуся Каліноўскага сьмерцю ў Вільні.

7. Ад “Гоману” да БНР

Нарадавольцы

Пасьля паўстаньня Каліноўскага ў нашых губэрнях быў усталяваны рэжым асабліва жорсткіх, выключных законаў. Цяжэйшым стаў нацыянальны ўціск. Пад забаронай заставалася беларуская мова. Але калянізатарам не ўдалося паставіць край на калені. На зьмену каліноўцам ішлі новыя змагары.

У 1870-х гадах у Расейскай імпэрыі набраў сілу рэвалюцыйны рух народніцтва. Частка ўдзельнікаў руху, расчараваўшыся ў “хаджэньні ў народ”, пастанавіла перайсьці да збройнай барацьбы і стварыла нелегальную партыю “Народная воля”. Рэвалюцыйныя гурткі ў Беларусі дзейнічалі ў Менску, Магілеве, Віцебску, Слуцку, Воршы, Пінску, Горы-Горках. Вядомымі ўдзельнікамі руху былі ўраджэнцы беларускіх губэрняў Мікалай Судзілоўскі, Рыгор Ісаеў, Геся Гельфман, Антон Барэйша, Анатоль Бонч-Асмалоўскі, Язэп Лукашэвіч.

Ігнат Грынявіцкі

Ігнат Грынявіцкі

Большасьць нашых рэвалюцыянэраў былі прыхільнікамі “Народнай волі”. Шляхціч Ігнат Грынявіцкі 13 сакавіка 1881 г. у Пецярбурзе выканаў сьмяротны прысуд, вынесены арганізацыяй імпэратару Аляксандру ІІ.

“Гоман” загаварыў пра Беларусь

Нашы студэнты-нарадавольцы ў 1884 г. пачалі выдаваць падпольны гектаграфічны часопіс “Гоман”. Грынявіцкага яны назвалі “адным з гарачых заснавальнікаў сваёй фракцыі”.

1 нумар часопісу Гоман

Першы нумар часопіса “Гоман”

“Мы – беларусы і павінны змагацца за інтарэсы беларускага народу”, – гаварылася ў першым выпуску “Гоману”. Выдаўцы часопіса заклікалі суайчыньнікаў не абмяжоўвацца вывучэньнем роднага краю і асьветаю яго жыхароў, а змагацца за палітычныя правы.

“Гоман” з гонарам успамінаў вызвольныя паўстаньні 1831-га і 1863 гадоў, пісаў пра жыцьцёвую трываласьць нашага народу і прарочыў новы этап барацьбы за самастойнасьць Айчыны.

Нацыянальнае адраджэньне

У асяродзьдзі навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі, студэнтаў і навучэнцаў выснова пра самастойны беларускі этнас набірала ўсё больш прыхільнікаў. Справе нацыянальнага адраджэньня служылі дасьледваньні этнографаў і лінгвістаў. Адзін з заснавальнікаў нашай нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі сказаў на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў прарочыя словы пра тое, што народ, які меў сваю дзяржаву, будзе мець яе зноў.

Мітрафан Доўнар-Запольскі

Мітрафан Доўнар-Запольскі

Уваходзіла ў сілу новая беларуская літаратура, якая зьвярталася да народу на ягонай мове. Неацэнны ўклад у яе зрабіў удзельнік паўстаньня 1863 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На пачатку ХХ ст. быў створаны прафэсійны беларускі тэатар, “бацькамі” якога лічацца Ігнат Буйніцкі, Францішак Аляхновіч і Флярыян Ждановіч.

“Дудка беларуская”

Разам з Дуніным-Марцінкевічам выключную ролю ў нацыянальным адраджэньні адыграў іншы класік нашай літаратуры Францішак Багушэвіч, у мінулым таксама паўстанец-каліновец. У 1891 г. у Кракаве, які знаходзіўся ў складзе Аўстра-Вугорскай імпэрыі, выйшла ягоная кніга “Дудка беларуская”.

Францішак Багушэвіч

Францішак Багушэвіч

Прадмову да “Дудкі” называюць беларускім нацыянальным маніфэстам, які ня страціў актуальнасьці і сёньня. “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж нашай мовы беларускай, каб ня ўмёрлі!” – пісаў Багушэвіч. Ён рабіў экскурс у гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, называў наш край Беларусьсю і акрэсьліваў яе межы: “Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебску за малым не да Чарнігава, дзе Горадня, Менск, Магілеў, Вільня…”

Цётка

Цётка (Алаіза Пашкевіч) з дзяўчынкай у беларускіх строях

Справу Францішка Багушэвіча прадоўжылі Янка Купала, Якуб Колас, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Максім Багдановіч.

Янка Купала

Янка Купала

6 мільёнаў

У 1897 г. у Расейскай імпэріі адбыўся першы ўсеагульны перапіс насельніцтва. Апытаньня пра нацыянальнасьць не праводзілася, але перапісчыкі павінны былі высьветліць родную мову жыхароў. 5 млн 711 тыс. чалавек назвалі такой мовай беларускую. Яе прызналі роднай 86 тыс. (больш за 50%) асобаў дваранскага стану, 60% настаўнікаў, 40% чыноўнікаў.

Ва ўмовах жорсткай русіфікацыі такія паказчыкі сьведчылі пра няўхільны рост нацыянальнай сьвядомасьці і замацаваньне за ўсёй нашай этнічнай тэрыторыяй новай назвы. У ХХ стагодзьдзе былыя Літва і літвіны ўступілі ўжо як Беларусь і беларусы.

Грамада

Кіраўніцтва нацыянальна-вызвольным рухам узяла на сябе заснаваная ў 1902 г. наша першая палітычная партыя – Беларуская Сацыялістычная Грамада. Яе стваральнікамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы (пазьней іх назавуць “бацькамі БНР), Вацлаў Ластоўскі, Алаіза Пашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец).

Вацлаў Іваноўскі

Вацлаў Іваноўскі

Першая праграма партыі прадугледжвала ўтварэньне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Пазьней Грамада стала адным з галоўных арганізатараў Першага Ўсебеларускага зьезду.

Іван Луцкевіч

Іван Луцкевіч

“Наша Ніва”

Рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. ліквідавалі забарону на беларускі друк. У наступным годзе ў Пецярбурзе пачало дзейнічаць першае легальнае беларускае выдавецкае таварыства “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Неўзабаве выдавецтва было заснаванае і ў Вільні, якая зрабілася цэнтрам беларускага нацыянальнага руху.

Наша ніва

“Наша Ніва” выходзіла кірыліцай і лацінкаю

Велізарныя заслугі ў згуртаваньні ўсіх нацыянальных сілаў належаць газэце “Наша Ніва”, якая бесперапынна выходзіла з 1906-га да 1915 г. і сталася сапраўды народнай агульнабеларускай газэтай. Яна адкрывала таленавітыя імёны ў літаратуры, выпрацоўвала нормы мовы і правапісу, займалася кнігавыданьнем, папулярызацыяй тэатру і фальклёру.

У “Нашай Ніве” была надрукаваная “Кароткая гісторыя Беларусі” Вацлава Ластоўскага. Пры газэце захоўвалася ўнікальная калекцыя прадметаў даўніны, якая стала асноваю будучага Віленскага Беларускага музэю.

Першы Ўсебеларускі зьезд

Сусьветная вайна і рэвалюцыйныя падзеі ў Расеі спрыялі распаду імпэрыі і вызваленьню паняволеных народаў. Нацыянальныя арганізацыі нашага краю аб’яднала Вялікая Беларуская Рада. У сьнежні 1917 г. яна склікала ў Менску Першы Ўсебеларускі зьезд (кангрэс). На яго зьехаліся 1872 дэлегаты з усяго нашага этнічнага абшару. Такога прадстаўнічага форуму ня здолеў сабраць ніякі іншы прыгнечаны народ колішняй Расейскай імпэрыі.

Менскі гарадзкі тэатр

Менскі гарадзкі тэатар (цяпер Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы), дзе адбываўся Першы Усебеларускі зьезд

На зьезьдзе прагучаў заклік “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!” Дэлегаты падзяліліся на тых, хто змагаўся за поўную незалежнасьць, і тых, хто выступаў за аўтаномную дэмакратычную рэспубліку ў складзе Расеі. Кангрэс выказаў абурэньне з прычыны таго, што якраз тады бальшавікі вялі ў Берасьці перамовы пра замірэньне зь немцамі без уліку інтарэсаў Беларусі.

Бальшавікі разагналі зьезд. Частку дэлегатаў арыштавалі, але Рада, якой кангрэс перадаў краёвую ўладу, здолела абраць Выканаўчы Камітэт на чале зь Язэпам Варонкам. Ён неўзабаве ўзначаліў першы ўрад будучай рэспублікі -- Народны Сакратарыят.

Устаўныя граматы

Ва ўмовах наступу нямецкіх войскаў і ўцёку бальшавікоў зь Менску Выканаўчы камітэт перайшоў на легальнае становішча. 21 лютага 1918 г. ён выдаў Першую Ўстаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвясьціў сябе часовай уладай і ўзяў курс на скліканьне Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага выбарчага права. Напярэдадні быў створаны першы Ўрад БНР – Народны Сакратарыят.

Першы ўрад БНР

Першы ўрад БНР – Народны Сакратарыят

Не зважаючы на варожае стаўленьне нямецкіх акупацыйных уладаў, 9 сакавіка Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду зьвярнуўся да жыхароў Беларусі з Другой Устаўнай граматай. Яна акрэсьлівала дзяржаўны лад краіны і дэмакратычныя правы і свабоды яе грамадзянаў. Беларусь “у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу” была абвешчаная Народнай Рэспублікай.

Палута Бадунова

Міністарка апекі ў першым урадзе БНР Палута Бадунова

Ідэя незалежнасьці заваёўвала ўсё новыя колы прыхільнікаў. Выканкам Рады зьезду абвясьціў яе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Абвяшчэньне незалежнасьці

Увечары 24 сакавіка 1918 г. пачалося гістарычнае паседжаньне Рады БНР, якое доўжылася ўсю ноч і завяршылася назаўтра раніцай прыняцьцем Трэцяй Устаўнай граматы. У ёй было заяўлена: “Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнаю дзяржавай”.

Дом БНР

Дом, дзе была абвешчаная незалежнасьць БНР. Цяпер менская вул. Валадарскага, 9

Акт 25 сакавіка быў рашучым пратэстам супраць падзелу Беларусі кайзэраўцамі і бальшавікамі. Народны Сакратарыят зацьвердзіў дзяржаўную пячатку з “Пагоняй”. Дзяржаўным сьцягам БНР стаў бел-чырвона-белы.

Паштоўка са сцягам БНР

Паштоўка зь дзяржаўным сьцягам БНР

Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ альбо дэ-факта прызналі Арменія, Аўстрыя, Грузія, Латвія, Літва, Польшча, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхаславакія, Эстонія.

Мапа БНР

Мапа БНР

alt="Мапа БНР" style="max-width: 100%; max-height: 70vh; width: auto; height: auto; transform: rotate(-90deg);" />

Мапа БНР

[/vc_column_text]

Ідэю нашай дзяржаўнасьці ўжо не маглі ігнараваць і бальшавікі ў Расеі. Яны мусілі даць беларускім камуністам дазвол на стварэньне БССР.

25 сакавіка 1918 г. беларусы зноў сталі дзяржаўным народам – цяпер ужо пад сваёй сучаснай назвай. Пачаўся доўгі і складаны шлях да набыцьця Беларусьсю сапраўднай незалежнасьці.

Храналёгія:

1881 – Забойства Ігнатам Грынявіцкім імпэратара Аляксандра ІІ.
1884 – Пачаў выходзіць часопіс “Гоман”.
1891 – Выйшла кніга Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”.
1903 – Утварэньне першай беларускай палітычнай партыі – Грамады.
1906–1915 – Выданьне газэты “Наша Ніва”.
1914–1918 – Першая сусьветная вайна.
Сьнежань 1917 – Першы Ўсебеларускі зьезд.
20 лютага 1918 – Створаны Народны Сакратарыят – першы ўрад БНР.
21 лютага 1918 – Першая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі.
9 сакавіка 1918 – Другая Ўстаўная грамата да народаў Беларусі.
25 сакавіка 1918 – Трэцяя Ўстаўная грамата. Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

8. Беларусь – “разьменная манэта” Масквы

Абвяшчэньне БССР у Смаленску

Абвяшчэньне незалежнасьці БНР і яе фактычнае прызнаньне шмат якімі эўрапейскімі дзяржавамі дыктавала расейскім бальшавікам неабходнасьць крокаў у адказ.[cite: 1] 30–31 сьнежня 1918 г. у Смаленску адбылася Паўночна-заходняя абласная бальшавіцкая канфэрэнцыя.[cite: 1] Яна заявіла пра сябе як пра І зьезд КП(б)Б і прыняла пастанову пра стварэньне Беларускай ССР у межах, якія практычна супадалі зь межамі БНР.[cite: 1]

1 студзеня 1919 г. так званы Часовы рабоча-сялянскі ўрад пад кіраўніцтвам Зьмітра Жылуновіча выдаў Маніфэст пра абвяшчэньне БССР.[cite: 1] Ён паўтараў ідэю нашай дзяржаўнасьці, якая ўжо была прысутная ў Другой Ўстаўнай грамаце БНР, але не дэкляраваў дэмакратычных свабодаў.[cite: 1]

Газэта “Весткі” з маніфэстам пра абвяшчэньне БССР

Газэта “Весткі” з маніфэстам пра абвяшчэньне БССР

5 студзеня ўрад БССР пераехаў у Менск і вельмі хутка зразумеў, што прызнаньне дзяржаўнасьці Беларусі для Масквы ня больш, чым цынічная палітычная гульня.[cite: 1]

Старшыня Часовага ўрада БССР Зміцер Жылуновіч

Старшыня Часовага ўрада БССР Зміцер Жылуновіч

Ужо 16 студзеня бальшавіцкае кіраўніцтва загадала ўраду Жылуновіча перадаць у склад РСФСР Смаленскую, Магілеўскую і Віцебскую губэрні.[cite: 1] (Вельмі вялікая частка гэтых тэрыторый так ніколі і не была вернутая.)[cite: 1]

Герб БССР. 1919 г.

Герб БССР. 1919 г.

ЛітБел

Празь некалькі дзён кіраўніцтва марыянэткавай беларускай рэспублікі даведалася пра злучэньне (перад пагрозай вайны з Польшчай) “абрэзанай” БССР з таксама створанай бальшавікамі Літоўскай савецкай рэспублікай у буфэрнае утварэньне – ЛітБел – з сталіцай у Вільні.[cite: 1] У Літоўска-Беларускай ССР нічога нацыянальна-беларускага не было.[cite: 1] Яе ўрад ня меў у сваім складзе ніводнага беларуса.[cite: 1] Усё беларускае, пачынаючы з мовы, лічылася контрарэвалюцыйным.[cite: 1]

Пры канцы лета 1919 г. ЛітБел быў цалкам акупаваны польскімі войскамі.[cite: 1] Ленін прапаноўваў Польшчы ўсю тэрыторыю ЛітБелу ўзамен на мір.[cite: 1]

Юзаф Пілсудзкі

Юзаф Пілсудзкі

Начальнік адроджанай Польскай дзяржавы Юзаф Пілсудзкі (з паходжаньня літвін-беларус, які добра ведаў нашу мову і выступаў у занятым палякамі Менску па-беларуску) пайшоў на маўклівае пагадненьне і не падтрымаў наступу Дзянікіна на Маскву.[cite: 1] Ён ратаваў бальшавікоў, каб потым падзяліць зь імі ўкраінскія і беларускія землі.[cite: 1]

Другое абвяшчэньне БССР

31 ліпеня 1920 г. адбылося другое абвяшчэньне Беларускай ССР.[cite: 1]

Узнавіць буфэрны ЛітБел было ўжо немагчыма, бо рэальна існавала незалежная Літва.[cite: 1] Каб прадухіліць пераход улады ў Беларусі ў рукі нацыянальных сілаў, бальшавікі пагадзіліся на аднаўленьне БССР.[cite: 1]

БССР у 1920 г.

БССР у 1920 г.

Гэтым разам яе тэрыторыя скдадалася толькі з 6 паветаў агульнай плошчаю ўсяго 52, 4 тыс. кв. км. з насельніцтвам 1,5 млн чалавек.[cite: 1] Якраз тады нарадзілася вядомая дагэтуль прыказка: “У Беларусі тры сталіцы – Менск, Лагойск і Плешчаніцы”.[cite: 1]

Слуцкі збройны чын

Найбольш значнай спробай узброенай абароны незалежнасьці Беларусі сталася антыбальшавіцкае Слуцкае паўстаньне, якое вядомае ў гістарыяграфіі таксама як Слуцкі збройны чын або Слуцкі фронт БНР (лістапад – сьнежань 1920 г.)[cite: 1]

Галоўнымі прычынамі гэтага маштабнага выступу быў падзел Беларусі паміж Польшчай і Расеяй паводле прэлімінарнага міру паміж імі, а таксама маскоўская палітыка ваеннага камунізму.[cite: 1] На той час Случчына апынулася ў нэўтральнай зоне, што дапамагло незалежнікам сфармаваць два палкі, ад’яднаныя ў Слуцкую брыгаду, якая ўступіла ў баі з часткамі Чырвонай арміі.[cite: 1]

Сьцяг Першага Слуцкага палка БНР. Рэканструкцыя

Сьцяг Першага Слуцкага палка БНР. Рэканструкцыя

Колькасьць жаўнераў і афіцэраў (некалькі тысяч чалавек) у беларускіх збройных фармаваньнях, тое, што імі камандавалі прафэсійныя вайскоўцы, а таксама працягласьць баявых дзеяньняў, даўжыня фронту (болей за 50 км) і шэраг іншых чыньнікаў даюць сучасным гісторыкам падставы казаць пра тую падзею як пра беларуска-савецкую вайну 1920 г.[cite: 1] Частка яе ўдзельнікаў у складзе партызанскіх аддзелаў ваявала з бальшавікамі да сярэдзіны 1920-х.[cite: 1]

Дзень пачатку баёў случакоў пад сьцягамі БНР – 27 лістапада – сьвяткуецца беларускімі дэмакратычнымі сіламі як Дзень герояў.[cite: 1]

Новы падзел нашай краіны

Канчатковым вынікам савецка-польскай вайны стала падпісаньне без удзелу беларускіх палітыкаў (іх не дапусьцілі на перамовы) Рыскага мірнага трактату 1921 г.[cite: 1] Паводле яго велізарная частка нашай краіны была далучаная да Польшчы.[cite: 1]

Мяжа, якая падзяліла Беларусь пасьля Рыскай дамовы 1921 г.

Мяжа, якая падзяліла Беларусь пасьля Рыскай дамовы 1921 г.

Гэтыя землі атрымалі назву “Заходняя Беларусь”.[cite: 1] Яна складалася з 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Наваградзкае і Палескае ваяводзтвы.[cite: 1] Край меў плошчу 113 тыс. кв. км і насельніцтва больш за 3,5 млн чалавек (1921 г.).[cite: 1]

Дзяржаўная мяжа прайшла зусім побач з Полацкам, Менскам і Слуцкам.[cite: 1] У пэўны момант Масква была гатовая аддаць усю Беларусь, але на гэта не пагадзілася польская дэлегацыя: пераважыла меркаваньне, што так шмат “праглынуць” ня ўдасца.[cite: 1]

Неафіцыйнай палітычнай і культурнай сталіцай адрэзаных земляў стала Вільня.[cite: 1]

Палітыка беларусізацыі

У 1920-я гады ў БССР праводзілася афіцыйная палітыка беларусізацыі.[cite: 1] На беларускую мову пераводзіліся дзяржаўныя арганізацыі, разьмешчаныя на тэрыторыі рэспублікі часткі Чырвонай арміі і найперш навучальныя ўстановы ўсіх узроўняў.[cite: 1] 80 % школаў у 1928 г. працавалі ўжо як беларускамоўныя.[cite: 1] Былі створаныя Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Інстытут беларускай культуры, ператвораны пазьней у Акадэмію навук.[cite: 1]

Спрыяльныя ўмовы склаліся для разьвіцьця беларускай літаратуры, у якой поруч з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Зьмітраком Бядулем ды іншымі ўжо прызнанымі майстрамі плённа працавалі маладзейшыя Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Міхась Чарот, Уладзімер Дубоўка, Алесь Дудар, Уладзімер Жылка, дзясяткі іхніх таленавітых калегаў.[cite: 1] Выдавецтва “Савецкая Беларусь” рабіла стаўку на выпуск менавіта беларускай літаратуры.[cite: 1]

Чатыры дзяржаўныя мовы на менскіх шыльдах

Чатыры дзяржаўныя мовы на менскіх шыльдах

Разам з тым у пэрыяд беларусізацыі рэальна забясьпечваліся культурныя правы нацыянальных меншасьцяў.[cite: 1] Красамоўным зьяўляецца той факт, што дзяржаўнымі мовамі ў БССР тады былі беларуская, польская, габрэйская (ідыш) і расейская.[cite: 1] На ўсіх іх існавалі школы, выходзіла пэрыёдыка і мастацкая літаратура.[cite: 1]

Узбуйненьні рэспублікі

Беларускія нацыянал-камуністы ў той час дамагліся ад Масквы вяртаньня часткі земляў, забраных у 1919 г. у склад РСФСР.[cite: 1]

У 1924 г. да БССР удалося далучыць большую частку Віцебскай і значную частку Гомельскай губэрняў, а таксама Горацкі і частку Мсьціслаўскага павету Смаленскай губэрні.[cite: 1] Тэрыторыя рэспублікі ў выніку павялічылася ўдвая: да 110, 6 тыс. кв. км, а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек.[cite: 1]

Наступным крокам сталася вяртаньне ў 1926 г. Гомельскага і Рэчыцкага паветаў з плошчаю 15,7 тыс. кв. км і 650 тыс. жыхароў.[cite: 1]

БССР у 1930 г.

БССР у 1930 г.

Рыхтавалася і трэцяе ўзбуйненьне, калі плянавалася вярнуць у склад БССР заходнюю частку Смаленшчыны, але яно ўжо не адбылося, бо нацыянальная палітыка Масквы хутка і кардынальна зьмянілася.[cite: 1]

Сталінскі тэрор

Відавочныя посьпехі беларусізацыі выклікалі вялікую трывогу ў сталіцы СССР, які пачынаў усё больш нагадваць Расейскую імпэрыю, але пад новымі, бальшавісцкімі лёзунгамі.[cite: 1] Махавік барацьбы з беларускім нацыянальным дэмакратызмам пачаў раскручвацца з разгрому Саюзу вызваленьня Беларусі, калі ў 1930 г. былі арыштаваныя больш за 110 дзеячоў навукі і культуры.[cite: 1] Традыцыйна лічыцца, што справу Саюзу сфабрыкавала ОГПУ, але такое меркаваньне выглядае небясспрэчным, бо моцныя незалежніцкія настроі ў беларускім кіраўніцтве і ў інтэлігенцкіх колах былі рэальнасьцю.[cite: 1]

Ад гэтага часу хуткімі тэмпамі распачалося абмежаваньне мовы тытульнай нацыі рэспублікі.[cite: 1] У 1933 г. адбылася рэформа беларускага правапісу, якая “ў мэтах інтэрнацыянальнага выхаваньня працоўных” штучна наблізіла нашу мову да расейскай.[cite: 1] (Пазьней, у час Другой сусьветнай вайны, нацыянальныя дзеячы, апынуўшыся пад нямецкай акупацыяй, намагаліся адрадзіць беларускае школьніцтва, выдавалі па-беларуску пэрыёдыку, навучальную і мастацкую літаратуру, карысталіся нерэпрэсаваным правапісам.[cite: 1] Даючы дазвол на гэта, нацысты, вядома, перасьледвалі ўласныя мэты.)[cite: 1]

Рэспубліка перажывала ў 1930-я гады трагедыю калектывізацыі, калі зьнішчалася лепшая, самая гаспадарлівая, і таму заможная частка сялянства.[cite: 1] Астатняя сялянская маса апынулася ў сытуацыі, падобнай да колішняга прыгону: калгасьнікі ў масе сваёй да 1970-х гадоў нават ня мелі пашпартоў.[cite: 1]

Бальшавіцкая ўлада мэтанакіравана вынішчала нацыянальную інтэлігенцыю і ўсіх, хто меў сьмеласьць на ўласную думку.[cite: 1] Пра гэта нагадваюць сёньня менскія Курапаты, дзе, па некаторых ацэнках дасьледнікаў, могуць знаходзіцца парэшткі 250 тыс. ахвяраў.[cite: 1] Падобных мясьцін у Беларусі многія дзясяткі.[cite: 1]

Адзін з расстраляных у “Ноч паэтаў” Міхась Чарот

Адзін з расстраляных у “Ноч паэтаў” Міхась Чарот

За адну толькі ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 г. у Менску былі расстраляныя 132 прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі й дзяржаўнага апарату, у тым ліку 22 вядомыя пісьменьнікі.[cite: 1]

Дакладная колькасьць ахвяраў сталінскага тэрору ў Беларусі дагэтуль не названая (у публікацыях фігуруюць лічбы ад 600 тыс. да 1 млн 400 тыс.), але ён закрануў фактычна кожную сям’ю.[cite: 1]

Народны мэмарыял у Курапатах

Народны мэмарыял у Курапатах

“Вызваленчы” паход Чырвонай арміі

Для мільёнаў нашых суайчыньнікаў – жыхароў заходнебеларускіх земляў Другая сусьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 г. з нападу гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу.[cite: 1] 17 верасьня Чырвоная армія ўступіла ў Заходнюю Беларусь (гэтак званы вызваленчы паход), што стала магчымым у выніку падпісаньня сталінскім і гітлераўскім рэжымамі пакта Молатава-Рыбэнтропа.[cite: 1]

Савецкі агітацыйны плякат. 1939 г.

Савецкі агітацыйны плякат. 1939 г.

На працягу дзесяці дзён Заходняя Беларусь апынулася пад уладай бальшавікоў.[cite: 1] Пры канцы кастрычніка Народны сход у Беластоку прагаласаваў за тое, каб далучаны абшар стаў часткаю БССР.[cite: 1] Яе тэрыторыя вырасла болей чым на 100 тыс. кв. км, а жыхарства – на 4,5 млн чалавек.[cite: 1] Аб’яднаньне ў межах адной рэспублікі, няхай сабе і ў сталінскай імпэрыі, адпавядала нацыянальным інтарэсам беларусаў і рабіла больш выразнай нашу гістарычную пэрспэктыву.[cite: 1] Але за гэта была заплочаная надзвычай дарагая цана.[cite: 1]

У былой Заходняй Беларусі пачаліся масавыя дэпартацыі і фізычнае вынішчэньне “антысавецкіх элемэнтаў”.[cite: 1] Колькасьць вывезеных і адпраўленых у лягеры вымяралася дзясяткамі тысяч, забітых – тысячамі.[cite: 1] Адбывалася рабаваньне эканамічнага і культурнага багацьця краю.[cite: 1] Новая ўлада рэзка абмежавала правы вернікаў розных канфэсій.[cite: 1] У адукацыі быў узяты курс на русіфікацыю.[cite: 1]

Гандаль Вільняй і Віленшчынай

Увосень 1939-га гэты рэгіён цягам 40 дзён дэ-факта знаходзіўся ў Беларусі.[cite: 1]

Цэнтральныя менскія газэты выходзілі пад лёзунгамі “Вільня – зноў беларуская!”[cite: 1] Была створаная Віленская вобласьць.[cite: 1] Пачала выходзіць “Віленская праўда”, якая пісала пра падрыхтоўку да выбараў у Народны сход.[cite: 1] У гарадах і мястэчках Віленшчыны, населенай пераважна этнічнымі беларусамі, адбываліся мітынгі, дзе прымаліся рэзалюцыі пра ўваходжаньне ў склад БССР.[cite: 1] Самы вялікі 75-тысячны (траціна ўсяго тагачаснага жыхарства) мітынг прайшоў у Вільні.[cite: 1]

Газэта “Віленская праўда”

Газэта “Віленская праўда”

Аднак Масква і Бэрлін падпісалі новы сакрэтны пратакол да пакту Молатава-Рыбэнтропа.[cite: 1] Згодна з гэтым пратаколам “зоны ўплыву” зьмяняліся і незалежная яшчэ Літва перадавалася ў савецкую зону.[cite: 1] 30 кастрычніка СССР і Літва падпісалі пагадненьне пра перадачу Віленшчыны Літоўскай рэспубліцы.[cite: 1] Масква нават не палічыла патрэбным паведаміць пра тое ў Менск, што лішні раз падкрэсьлівае марыянэткавае становішча БССР.[cite: 1]

За сваё “дабрадзейства” СССР атрымаў права разьмясьціць у Літве савецкія вайсковы базы, а ўлетку 1940 г. захапіў усю краіну разам зь дзьвюма іншымі балтыйскімі рэспублікамі – Латвіяй і Эстоніяй.[cite: 1] Каб зрабіць падарунак літоўскім камуністам, савецкі ўрад перадаў ужо акупаванай Літве яшчэ 2,6 тыс. кв. км тэрыторыі БССР з гарадамі Сьвянцяны (цяпер Швянчоніс), Салечнікі (Шальчынінкай) і Друскенікі (цяпер Друскенінкай).[cite: 1]

Страты ў Другой сусьветнай вайны

У той вайне насельніцтва Беларусі скарацілася на траціну – з 9 да 6 млн чалавек.[cite: 1] У руіны і папялішчы былі ператвораныя многія гарады і вёскі.[cite: 1] У велізарнай ступені пацярпела эканоміка.[cite: 1]

Аднак нельга забываць і тое, што Беларусь – адзіная ў той вайне краіна- пераможца, якая панесла вялікія тэрытарыяльныя страты.[cite: 1] Першаю зь іх быў Віленскі край, а ў 1944 г. Масква перадала Польшчы большую частку Беластоцкай вобласьці (зь вялікім населеным беларусамі арэалам), якая датуль знаходзілася ў складзе БССР.[cite: 1]

Менск. Ліпень 1945 г.

Менск. Ліпень 1945 г.

У 1945 г. БССР разам з савецкай Украінай стала адной з краін-заснавальніц ААН.[cite: 1] Сталін дамогся гэтага, спасылаючыся на велізарныя страты і ўклад рэспублік у перамогу над агрэсарамі-нацыстамі.[cite: 1] Насамрэч ён намагаўся такім чынам аслабіць беларускі і ўкраінскі нацыянальныя незалежніцкія рухі, а за адным разам атрымаць у АНН два дадатковыя галасы.[cite: 1]

Вядомы толькі адзін выпадак, калі кіраўнік дэлегацыі БССР галасаваў супраць прапанаванай Савецкім Саюзам рэзалюцыі – з той прычыны, што праспаў момант галасаваньня “за” і са спазьненьнем падняў руку.[cite: 1]

Такім чынам дзяржаўнасьць Беларусі ў складзе СССР заўсёды мела марыянэткавы характар.[cite: 1] У сталінскія часы рэспубліка зазнала велічэзныя чалавечыя і культурныя страты.[cite: 1] Палітыка русіфікацыі працягвалася да самага краху савецкай імпэрыі.[cite: 1] Усе дасягненьні БССР – вынік ня “мудрага партыйнага і савецкага кіраўніцтва”, а розуму, працавітасьці і ахвярнасьці нашага народу.[cite: 1]

Храналёгія:

1 студзеня 1919 – Абвяшчэньне бальшавікамі ў Смаленску Беларускай ССР.[cite: 1]
16 студзеня 1919 – Пастанова ЦК РКП (б) пра далучэнне да РСФСР Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў.[cite: 1]
17 лютага 1919 – Абвяшчэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі (ЛітБела).[cite: 1]
31 ліпеня 1920 – Другое абвяшчэнне БССР у межах Менскай губэрні.[cite: 1]
1921 – Рыжская мірная дамова, паводле якой Заходняя Беларусь адыходзіла да Польшчы.[cite: 1]
17 верасня 1939 – Пачатак “вызваленчага паходу” Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь.[cite: 1]
10 кастрычніка 1939 – СССР перадаў Вільню і Віленскі край Літве.[cite: 1]
1944 – Масква перадала Польшчы большую частку Беластоцкай вобл. БССР.[cite: 1]
1945 – Беларуская ССР стала адной з краінаў – заснавальніц ААН.[cite: 1]

9. Шлях да незалежнасьці

Яны бераглі надзею

Нашы патрыёты 60–80-х гадоў XX ст. былі падобныя да ўдзельнікаў нелегальных моладзевых таварыстваў – філяматаў і філярэтаў, якія супрацьстаялі расейскаму панаваньню за царскім часам. Яны таксама гуртаваліся, вывучалі айчынную гісторыю, пісалі літаратурныя творы і навуковыя працы, адважваліся на больш радыкальны ўчынкі.

Вышка-глушылка, якую рыхтаваўся падарваць менскі студэнт Сяргей Ханжанкоў

Вышка-глушылка, якую рыхтаваўся падарваць менскі студэнт Сяргей Ханжанкоў

Студэнт Сяргей Ханжанкоў рыхтаваўся разам зь сябрамі падарваць менскую вышку, адкуль глушылі замежныя перадачы Радыё “Свабода” і “Голасу Амерыкі”. У 1963-м Сяргея арыштавалі і прысудзілі да дзесяці гадоў зьняволеньня ў лягерах.

Сяргей Ханжанкоў у зьняволеньні

Сяргей Ханжанкоў у зьняволеньні

Мікола Прашковіч, Сьцяпан Міско, Міхась Чарняўскі ды іншыя маладыя вучоныя з Акадэміі навук стварылі незалежніцкі Акадэмічны асяродак. Калі на яго сьлед выйшлі кагэбісты, на допыты трапіла блізу ста “нядобранадзейных” асобаў. Некаторых дапытвалі, як у 1937 г., па некалькі сутак без перапынку.

Маладых мастакоў, літаратараў, навукоўцаў аб’ядноўвала творчая суполка “На Паддашку”, дзе зьбіраліся Яўген Кулік, Лявон Баразна, Зянон Пазьняк, Аляксей Марачкін, Алесь Разанаў… Вялікай заслугаю суполкі было правядзеньне мастацкіх імпрэзаў, прысьвечаных выдатным дзеячам нашай культуры. На выставе да 500-годзьдзя паэта Міколы Гусоўскага зьявіўся забаронены тады герб “Пагоня”.

“Майстроўня”

Менскія студэнты назвалі сваё згуртаваньне “Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўняй”. Сярод яго лідэраў былі Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Ірына Марачкіна, Тацяна Сапач, Віктар Івашкевіч, Ігар Гермянчук, Сяржук Сокалаў-Воюш.

“Майстроўцы” выступалі з канцэртамі і лекцыямі, дапамагалі археолягам і рэстаўратарам гістарычных помнікаў.

Пазьней моладзь стварыла новае згуртаваньне “Талака” на чале зь Сержуком Вітушкам. Юнакі і дзяўчаты штогод ладзілі Гуканьні вясны, Купальлі, Каляды. Аднойчы калядоўнікаў затрымала менская міліцыя. Вызваліць іх дапамаглі пісьменьнікі Уладзімер Караткевіч і Рыгор Барадулін. Пры “Майстроўні” ўтварылася Таварыства беларускай школы, якое змагалася за адкрыцьцё нацыянальных дзіцячых садкоў, клясаў і школаў.

Моладзевая суполка “Талака” ладзіць сьвяткаваньне 150-годзьдзя Францішка Багушэвіча. 1990 г.

Моладзевая суполка “Талака” ладзіць сьвяткаваньне 150-годзьдзя Францішка Багушэвіча. 1990 г.

“Блакітны ліхтар”, “Люстрадзён”, “Мілавіца”

Захаваньню нашай мовы і культуры, патрыятычнаму выхаваньню моладзі спрыялі нелегальныя выданьні. Гісторык Мікола Ермаловіч друкаваў у Маладэчне на машынцы і пашыраў па рэспубліцы свае “Гутаркі”, дзе, у прыватнасьці, апавядалася пра Рагвалода і Рагнеду, Усяслава Чарадзея, іншых герояў айчыннай даўніны, пра якіх маўчалі падручнікі.

Сябры суполкі “На Паддашку” таемна выдавалі і распаўсюджвалі працы гісторыкаў, сярод якіх была вядомая цяпер кніга Міколы Ермаловіча “Па сьлядах аднаго міту” пра ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага.

Наваполацкія студэнты і школьнікі выпускалі рукапісны часопіс “Блакітны ліхтар”. Васьміклясьнік Андрэй Грабаў у адным з вершаў пісаў:

Рушу па Беларусі. У небе маланка палае.
Пад прыгнётам усходнім стогне наша зямля.
Песьні жальбы лунаюць ад краю да краю…
Але хутка – ходзяць чуткі –
Паўстане моладзі атрад!

Праз некалькі гадоў Андрэй загадкава загінуў пад час службы ў савецкім войску. Перад гэтым яго некалькі разоў дапытвалі.

На гістарычным факультэце БДУ выпускаўся літальманах “Мілавіца”. Дзякуючы лідэрам “Майстроўні” зьяўляліся нумары падпольнага часопіса “Люстрадзён”.

Перабудова

У 1985 г. да ўлады ў СССР прыйшоў Міхаіл Гарбачоў, які з мэтаю мадэрнізацыі савецкай сыстэмы абвясьціў палітыку перабудовы. Пачаліся перамены ў гаспадарцы і культуры. Зьявілася магчымасьць ствараць прыватныя прадпрыемствы. Сьмялейшымі зрабіліся газэты. Цяпер можна было адкрыта казаць пра сталінскія зьверствы. Да чытачоў прыйшлі забароненыя на доўгія дзесяцігодзьдзі кнігі.

Як на дражджах расьлі суполкі, таварыствы і згуртаваньні людзей, неабыякавых да лёсу Айчыны. У Менску актыўна дзейнічалі “Талака” і Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, у Горадні – клуб “Паходня”, у Віцебску – “Узгор’е”, у Гомелі – свая “Талака”, у Наваполацку – літаб’яднаньне “Крыніцы”. Моладзь выступала за свабоду слова, за правы роднай мовы і вяртаньне гісторычнай праўды. Ад уладаў патрабавалі сказаць ўсё, што ўтойвалася, пра Чарнобыльскую катастрофу.

Вялікі посьпех мелі выступы першых беларускіх рок-гуртоў “Мроя”, “Бонда”, “Мясцовы час”.

Кіраўнікі БССР спрабавалі стрымаць моладзевы рух. Аднойчы ў менскім Траецкім прадмесьці маладыя патрыёты праводзілі Гуканьне вясны. Нечакана на юнакоў і дзяўчат напалі нацкаваныя ўладамі былыя салдаты-“афганцы” і камсамольцы-дружыньнікі. Удзельнікаў сьвята жорстка зьбівалі і называлі “фашыстамі”.

Але шэрагі прыхільнікаў пераменаў няўхільна расьлі.

“Курапаты – дарога сьмерці”

У чэрвені 1988 г. газэта “Літаратура і мастацтва” надрукавала артыкул археоляга Зянона Пазьняка і інжынэра Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”. Курапаты – гэта ўрочышча каля цяперашняй менскай кальцавой дарогі, у якім за сталінскім часам расстрэльвалі і хавалі (проста закопвалі ў вялікіх ямах) “ворагаў народу”.

Газэта “ЛіМ” з артыкулам “Курапаты – дарога сьмерці”

Газэта “ЛіМ” з артыкулам “Курапаты – дарога сьмерці”

8-тысячны наклад газэты разьляцеўся імгненна. Нумар перадавалі з рук у рукі. Неўзабаве ў Менску адбылася дэманстрацыя з удзелам сотняў гараджанаў, што прыйшлі да безыменных магіл.

Улады мусілі стварыць дзяржаўную камісію для расьследаваньня падзеяў у Курапатах. Вучоныя, юрысты, вайскоўцы пацьвердзілі зьвесткі пра расстрэлы бязьвінных людзей энкавэдыстамі. На думку гісторыкаў, там загубілі ад 30 тысяч да чвэрці мільёну жыцьцяў. Гэта параўнальна з насельніцтвам абласнога гораду, да прыкладу, Горадні.

Жыве БНФ!

Выкрыцьцё бальшавіцкіх злачынстваў у Курапатах і бязьдзейнасьць камуністычнай улады пасьля Чарнобылю згуртавала патрыётаў.

19 кастрычніка 1988 г. 350 дэлегатаў з усёй рэспублікі на сходзе ў менскім Чырвоным касьцёле ўтварылі таварыства памяці ахвяраў сталінізму “Мартыралёг Беларусі”. На тым самым сходзе быў абраны аргкамітэт Беларускага народнага фронту (БНФ) “Адраджэньне” на чале з Зянонам Пазьняком.

Па закліку БНФ і “Мартыралёгу” 30 кастрычніка 1988 г. у Менску адзначаўся дзень ушанаваньня продкаў – Дзяды. Каля Усходніх могілак сабраўся шматтысячны мітынг. Супроць мірных удзельнікаў улада кінула пажарныя і вадаструменныя машыны. Людзей арыштоўвалі, зьбівалі гумовымі дручкамі, сьляпілі сьлезацечным газам. Але мітынг у полі недалёка ад Курапатаў усё адно адбыўся. Тады ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў быў узьняты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Мітынгоўцаў жорстка разагналі, аднак падзеі атрымалі велізарны розгалас. БНФ заваяваў тысячы новых прыхільнікаў.

У чэрвені 1989 г. Фронт правёў Устаноўчы зьезд у Вільні (улады забаранілі яго ў БССР). Дэлегаты абралі старшынём БНФ Зянона Пазьняка. Ягонымі намесьнікамі сталі вядомыя вучоныя – фізык і мастацтвазнаўца Юры Хадыка і гісторык Міхась Ткачоў.

Зянон Пазьняк на мітынгу ў Курапатах

Зянон Пазьняк на мітынгу ў Курапатах

БНФ выступаў за тое, каб законы БССР былі вышэйшыя, чым законы СССР.

Дзейнасьць фронтаўцаў паспрыяла стварэньню Таварыства беларускай мовы. Яго ўзначаліў паэт Ніл Гілевіч. Таварыства распачало выданьне газэты “Наша слова”. У студзені 1990 г. быў прыняты Закон БССР аб мовах, які абвясьціў у рэспубліцы беларускую мову адзінай дзяржаўнай. На яе да 2000-га павінны былі паступова перайсьці ўсе ўстановы, школы, унівэрсытэты.

У 1989 г. Фронт арганізаваў у Менску шматтысячнае шэсьце пад назваю “Чарнобыльскі шлях”. Ад таго часу да 2020-га яно праводзілася ўсталіцы штогод.

Мы – беларусы!

Набірала сілу нацыянальнае адраджэньне. Выходзілі новыя кнігі Васіля Быкава, гістарычныя раманы і аповесьці прадаўжальнікаў справы Уладзімера Караткевіча – Кастуся Тарасава, Леаніда Дайнекі, Вольгі Іпатавай. Вярталіся з нябыту імёны і творы зьнішчаных бальшавікамі Вацлава Ластоўскага, Антона Луцкевіча, Аркадзя Смоліча, Максіма Гарэцкага, Францішка Аляхновіча… Беларусы пачыналі разумець, што гістарычная памяць і родная мова пазначаюць месца нацыі ў сьвеце і могуць абараніць краіну ня горш за армію.

Выходзіла незалежная газэта “Свабода”. Была адноўленая легендарная “Наша Ніва”. Шмат падпісчыкаў меў новы часопіс “Спадчына”. У тэатры імя Янкі Купалы рэжысэр Мікола Пінігін паставіў спэктакль паводле забароненай з 1920-х гадоў п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Вучоны Адам Мальдзіс з паплечнікамі ствараў навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны.

Вернікам вярталі будынкі былых храмаў. У некаторых цэрквах і касьцёлах набажэнствы ішлі ўжо на роднай мове. Пасьля 150 гадоў забароны царскімі ўладамі царкоўнай Вуніі ў Менску, Горадні, Полацку ўзьніклі вуніяцкія супольні. Ува ўсіх іх царкоўная служба адбывалася па-беларуску.

Дэклярацыя пра сувэрэнітэт

У лютым 1990 г. праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет БССР, куды прайшлі прыхільнікі і сябры Беларускага Народнага Фронту, у тым ліку Зянон Пазьняк. Тым ня менш, большасьць дэпутацкіх месцаў займалі камуністы.

Парлямэнцкая апазыцыя БНФ складалася толькі з трох дзясяткаў асобаў, але моцна ўплывала на хаду падзеяў. Там плённа працавалі педагог і перакладчык Лявон Баршчэўскі, журналісты Сяргей Навумчык і Ігар Гермянчук, гісторыкі Алег Трусаў і Валянцін Голубеў, мовазнаўца Пятро Садоўскі, Галіна Сямдзянава ды іншыя прыхільнікі незалежнасьці.

Дэпутатка незалежнасьці Галіна Сямдзянава

Дэпутатка незалежнасьці Галіна Сямдзянава

Фронт, у шэрагах якога тады налічвалася ўжо 150 тысяч сяброў, заявіў, што будзе дамагацца поўнай незалежнасьці Беларусі. Пра выхад з СССР ужо абвясьцілі Літва, Латвія і Эстонія. У такіх умовах Вярхоўны Савет 27 ліпеня 1990 г. прагаласаваў за Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР. Там гаварылася, што найвышэйшым законам робіцца ўласная, а не агульнасавецкая Канстытуцыя. Замацоўвалася дзяржаўнасьць нашай мовы. Дэклярацыя давала права самастойна ўступаць у саюзы з іншымі дзяржавамі, ствараць свае ўласныя нацыянальнае войска, міліцыю і службу бясьпекі

Дэпутаты ад БНФ удзельнічалі ў працы над Дэклярацыяй і дапоўнілі яе шмат якімі важнымі пунктамі. Але камуністы запісалі артыкул пра знаходжаньне Беларусі ў складзе СССР.

Рэспубліка Беларусь

У жніўні 1991 г. частка маскоўскага кіраўніцтва, незадаволеная зьменамі ў савецкай імпэрыі, абвясьціла пра захоп улады. Змоўшчыкаў падтрымалі камуністычныя дзеячы БССР. На чыгуначную станцыю “Радыятарная” ў Менску падагналі восем адмысловых вагонаў для перавозу арыштаваных.

БНФ рашуча выступіў супроць спробы перавароту. 19, 20 і 21 жніўня перад Домам ураду ішоў няспынны мітынг. Міліцыя, войска і супрацоўнікі КГБ ў падзеі ня ўмешваліся. Там таксама было нямала прыхільнікаў дзяржаўнай самастойнасьці.

Тым часам у Маскве перамаглі дэмакратычныя сілы на чале з першым прэзыдэнтам Расейскай Федэрацыі Барысам Ельцыным. На патрабаваньне дэпутатаў БНФ распачалася надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савету. На ёй 25 жніўня 1991 г. Дэклярацыя аб сувэрэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закону. Гэта азначала, што Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

Першай нашу незалежнасьць ўжо 3 верасня прызнала Польшча.

19 верасьня Вярхоўны Савет прыняў пастанову пра новую назву дзяржавы – Рэспубліка Беларусь. Тады ж яе сымбалямі былі зацьверджаныя герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг.

Старшынём Вярхоўнага Савету, а значыць і кіраўніком краіны стаў Станіслаў Шушкевіч. Ягоны бацька-паэт шмат гадоў правёў у сталінскіх турмах, лягерах і высылках. Шушкевіч-малодшы быў вучоным-фізыкам, ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч

9 сьнежня 1991 г. Шушкевіч і кіраўнікі Расеі і Украіны Барыс Ельцын і Леанід Краўчук у Белавескай пушчы падпісалі дамову аб тым, што СССР спыняе існаваньне.

На пачатку шляху

Беларускі ўрад цяпер мог прымаць самастойныя рашэньні.

Ідучы ў войска, хлопцы ведалі, што будуць служыць на роднай зямлі.

1 верасьня 1993 г. 80 працэнтаў першаклясьнікаў краіны пачалі вучыцца па-беларуску. Для вучняў выйшлі новыя падручнікі гісторыі.

Закон пра свабоду веравызнаньняў дазволіў вернікам будаваць новыя храмы.

Больш за 1200 удзельнікаў сабраў ў Менску Першы зьезд беларусаў сьвету. Пры савецкай уладзе многія зь іх не маглі прыехаць на Бацькаўшчыну, бо беспадстаўна лічыліся ворагамі і “агентамі капіталістаў”. Быць старшынём Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” зьезд даверыў Васілю Быкаву.

У 1993-м на сьвяткаваньні 75-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску выступіў госьць з Амэрыкі – тагачасны старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.

Пра тое, што Беларусь – незалежная дзяржава, нагадаў сьвету візыт прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана. Ён знайшоў час наведаць Курапаты і ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх злачынстваў.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан выступае ў Акадэміі навук Беларусі. 1994 г.

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан выступае ў Акадэміі навук Беларусі. 1994 г.

На Алімпіядзе 1992 г. ў Барсэлёне айчынная каманда выступала пад бел-чырвона-белым сьцягам і здабыла 17 залатых мэдалёў. Нашага шасьціразовага алімпійскага чэмпіёна гімнаста Віталя Шчэрбу прызналі тады найлепшым спартоўцам плянэты.

Віталь Шчэрба заваяваў пад бел-чырвона-белым сьцягам шэсьць залатых мэдалёў на Алімпіядзе 1992 г. у Барсэлёне

Віталь Шчэрба заваяваў пад бел-чырвона-белым сьцягам шэсьць залатых мэдалёў на Алімпіядзе 1992 г. у Барсэлёне

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У ёй было запісана, што Беларусь – дэмакратычная дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваім абшары і самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і замежную палітыку.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994

Гэта былі першыя крокі на шляху да таго, каб сапраўды зрабіцца вольнай эўрапейскай краінай.

Пасьля развалу СССР часта казалі, нібыта незалежнасьць звалілася Беларусі аднекуль зь неба, а самі беларусы яе не заслужылі.

Але за нашу свабоду аддавалі жыцьцё героі-каліноўцы і слуцкія паўстанцы. За вольную Беларусь змагаліся стваральнікі БНР. За яе гінулі лепшыя суайчыньнікі ў 1930–1950-х гадах.

На сьвеце больш як тры тысячы нацый і народнасьцяў, аднак свае дзяржавы маюць усяго каля дьзюхсот. Мы, беларусы, – сярод іх.

Рэспубліка Беларусь зьявілася на палітычнай мапе сьвету 25 жніўня 1991 г. Прыйдзе час, калі гэты дзень разам з 25 сакавіка, калі ў 1918-м стала незалежнай Беларуская Народная Рэспубліка, будуць галоўнымі дзяржаўнымі сьвятамі краіны.

Храналёгія:

1987 – Пачатак палітыкі перабудовы.
3 чэрвеня 1988 – Апублікаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”.
19 кастрычніка 1988 – Стварэньне таварыства “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэту БНФ “Адраджэньне”.
30 кастрычніка 1988 – Шматтысячныя Дзяды ў Менску.
24-25 чэрвеня 1989 – Устаноўчы зьезд БНФ у Вільні.
27 ліпеня 1990 – Прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР.
26 студзеня 1990 – Закон БССР аб мовах абвясьціў адзінай дзяржаўнай мовай беларускую.
25 жніўня 1991 – Беларусь стала незалежнай дзяржавай.
19 верасьня 1991 – Зацьверджаныя назва дзяржавы – Рэспубліка Беларусь і дзяржаўныя сымбалі – герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг.
9 сьнежня 1991 – Спыніў існаваньне СССР.
15 студзеня 1994 – Візыт у Беларусь прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.
15 сакавіка 1994 – Прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

I am raw html block.
Click edit button to change this html

10. Нацыянальная і дзяржаўная сымболіка

Конны рыцар зь мячом

Наш нацыянальны герб “Пагоня”– адзін з найстаражытнейшых у Эўропе. Яго зацьвярджэньне як дзяржаўнага сымбалю ВКЛ адбылося ў 1295 г. за часамі вялікага князя Віценя, але значна раней выявай узброенага коннага вершніка ўжо карысталіся ў Полацкім княстве.

Правобраз “Пагоні” на пячатцы часоў Полацкага княства

Правобраз “Пагоні” на пячатцы часоў Полацкага княства

Герб зьвязаны са старажытнай традыцыяй нашых продкаў выпраўляцца ў пагоню за ворагамі, каб паквітацца за забітых і вызваліць палонных. Гэтая традыцыя (а дакладней абавязак) была замацаваная ў прывілеі вялікага князя Ягайлы 1387 г., дзе яна так і называецца: “пагоня”.

У той самы час на шчыце гербавага коньніка зьявіўся шасьціканцовы крыж, які сваімі абрысамі нагадвае нацыянальную сьвятыню – крыж Эўфрасіньні Полацкай. Канчаткова склаўшыся, герб дзяржавы выглядаў як пурпуровы шчыт зь белым конным рыцарам. Чырвоны колер сымбалізаваў агонь, мужнасьць і ваяўнічасьць. Белы колер, які ў геральдыцы адпавядае срэбру, азначаў чысьціню, дабро, незалежнасьць. Золата шасьціканцовага крыжа на шчыце было сымбалем жыцьця, сьвятла, надзеі і высакароднасьці.

Герб “Пагоня” ў розныя гістарычныя пэрыяды

Герб “Пагоня” ў розныя гістарычныя пэрыяды

Паводле законаў дзяржавы герб “Пагоня” абавязкова зьмяшчаўся на пячатках паветаў, упрыгожваў гарадзкія брамы, вежы магістратаў і сьцягі ваяводзтваў.

“Пагоня” аздабляла харугвы трыццаці з усіх 40 палкоў Вялікага Княства, якія бралі ўдзел у Грунвальдзкай бітве, дзе было разгромленае войска Тэўтонскага ордэну.

Пасьля Люблінскай вуніі 1569 г. паміж ВКЛ і Польшчай наш герб побач зь белым арлом стаў элементам гербу створанай тады Рэчы Паспалітай.

Статут ВКЛ у перакладзе на польскую мову. Вільня. 1614 г.

Статут ВКЛ у перакладзе на польскую мову. Вільня. 1614 г.

У часы Расейскай імпэрыі

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і інкарпарацыі нашых земляў “Пагоня” страціла дзяржаўніцкую функцыю, але існавала як частка гербаў некаторых губэрняў і гарадоў, а таксама прысутнічала на сьцягах вайсковых часьцін расейскай арміі, укамплектаваных выхадцамі зь беларускага абшару.

У 1812 г., калі падчас паходу Напалеона на кароткі час было адноўленае Вялікае Княства Літоўскае, “Пагоня” зноў стала афіцыйным гербам. Пазьней ім карысталіся удзельнікі вызвольных паўстаньняў 1831-га і 1863-1864 гадоў.

Сьцяг інсургентаў 1831 г.

Сьцяг інсургентаў 1831 г.

Паўстанцкая харугва 1863 г.

Паўстанцкая харугва 1863 г.

Пад “Пагоняй” праходзіў у сьнежні 1917 г. у Менску Першы Усебеларускі зьезд, на якім быў узяты курс на дзяржаўную самастойнасьць. Побач са старажытным гербам у залі паседжаньняў знаходзіўся і нацыянальны сьцяг.

Бел-чырвона-белы сьцяг

У часы Вялікага Княства Літоўскага выява вершніка з узьнятым мячом была і на тагачасным сьцягу дзяржавы. Сьцяг меў выгляд пурпуровага або чырвонага палотнішча з вышытымі на ім “Пагоняй” з аднаго боку і Багародзіцай зь немаўляткам – з другога. З баявым воклічам “Багародзіца! Памагай!” войска распачынала бітву.

У ХVI ст. ува ўсёй Эўропе пачалі ўзьнікаць дзяржаўныя сьцягі, колеровая гама якіх утваралася ад гербаў. Гербавы малюнак даваў сьцягу асноўны колер, а геральдычны шчыт – дадатковы. Срэбная “Пагоня” на чырвоным шчыце дала бел-чырвона-белы сьцяг.

Упершыню правобразы нашага нацыянальнага сьцягу паказаныя на батальнай карціне ХVІ ст., прысьвечанай славутай перамозе над маскоўскімі захопнікамі пад Воршай у 1514 г. Аўтар палатна – мастак з кола славутага Лукаса Кранаха Старэйшага. Гісторыкі лічаць, што жывапісец браў удзел у бітве. На доўгіх дзідах рыцараў-літвінаў ён выразна паказаў бел-чырвона-белыя сьцяжкі.

Фрагмэнт карціны “Бітва пад Воршай”. 1-я пал. XVI ст

Фрагмэнт карціны “Бітва пад Воршай”. 1-я пал. XVI ст

Сымболіка БНР

Бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню” зацьвердзіла сваёй дзяржаўнай сымболікай Беларуская Народная Рэспубліка, незалежнасьць якой была абвешчаная 25 сакавіка 1918 г.

Эскіз сучаснага беларускага сьцягу на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў ды арнамэнтаў стварыў беларускі архітэктар, журналіст і палітык Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Дакладная дата зацьверджаньня сьцяга невядомая, але за год да БНР ён ужо ўспрымаўся па ўсёй Беларусі сваім.

12 сакавіка 1917 г., калі ў Менску зь ініцыятывы нацыянальных арганізацый праходзіў Дзень беларускага значка, на вуліцах былі вывешаныя дзясяткі бел-чырвона-белых палотнішчаў. Першы Ўсебеларускі зьезд прызнаў гэты сьцяг нацыянальным сымбалем краіны.

Картка ўдзельніка Першага Ўсебеларускага зьезду. Сьнежань 1917 г.

Картка ўдзельніка Першага Ўсебеларускага зьезду. Сьнежань 1917 г.

“Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг зьмяшчаліся на пячатках, шыльдах пашпартах ды іншых дакумэнтах БНР. Гэтыя сымбалі на сьцягах натхнялі ўдзельнікаў Слуцкага збройного чыну ў 1920-м.

Бел-чырвона-белы сьцяг на будынку Народнага Сакратарыяту (Ураду) БНР. Менск. Люты 1918 г.

Бел-чырвона-белы сьцяг на будынку Народнага Сакратарыяту (Ураду) БНР. Менск. Люты 1918 г.

У БССР і за мяжой

Беларуская Народная Рэспубліка была разгромленая бальшавікамі, а сымболіка марыянэткавай БССР ня мела нічога агульнага як з нацыянальнымі гістарычнымі сымбалямі, так і з традыцыйнымі канонамі геральдыкі.

Нашы “Пагоня” і сцьяг пры камуністычнай уладзе сем дзесяцігодзьдзяў маглі выкарыстоўвацца толькі нелегальна. Пад імі, напрыклад, праводзілі свае сьвяты альбо прысягалі на вернасьць Беларусі сябры падпольных арганізацый.

За захаваньне ці выкарыстаньне нацыянальна-гістарычнай сымболікі можна было атрымаць лягерны тэрмін да 25 гадоў, як гэта адбылося, напрыклад, зь некаторымі ўдзельнікамі Саюзу беларускіх патрыётаў, які дзейнічаў у 2-й палове 1940-х гадоў.

Заходнебеларуская паштоўка. 1920-я гады

Заходнебеларуская паштоўка. 1920-я гады

Разам з тым у Заходняй Беларусі (1921 – 1939) і асабліва на эміграцыі нацыянальная сымболіка шырока ўжывалася ў друку, на публічных імпрэзах і сьвяткаваньнях, на помніках і надмагільлях.

Помнік “Змагарам за вольную Беларусь” у г. Саўт-Рывэры, ЗША

Помнік “Змагарам за вольную Беларусь” у г. Саўт-Рывэры, ЗША

У гады Другой сусьветнай вайны

Савецкая прапаганда шмат пісала выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў калябарацыяністамі ў час нацысцкай акупацыі Беларусі. Гэты наратыў, каб ачарніць апазыцыйны дэмакратычны рух, пашырае і сучасная прапаганда РБ.

Аднак дакумэнты сьведчаць, што тое выкарыстаньне да самага чэрвеня 1944 г. было абмежаваным і неафіцыйным. Вікіпэдыя ды іншыя крыніцы інфармацыі паведамляюць, што “распараджэньне, нібыта падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае 27 чэрвеня 1942 году ў газэце «Раніца», аб дазволе карыстацца гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белым сьцягам «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці», выявілася, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзынфармацыяй”. Ува ўсякім выпадку гістарычная сымболіка выкарыстоўвалася тады выключна на публічных імпрэзах.

Як вядома, у час Другой сусьветнай вайны сваю нацыянальную і дзяржаўную сымболіку ўжывалі калябарацыяністы іншых акупаваных краінаў (у тым ліку Францыі, Бэльгіі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Латвіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расеі), што ня стала падставаю для “рэпрэсаваньня” гэтых сымбаляў у пасьляваенны пэрыяд.

У незалежнай Беларусі

Паштовая марка зь дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь. 1992 г

Паштовая марка зь дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь. 1992 г

Эталён дзяржаўнага герба незалежнай Беларусі. 1991 г.

Эталён дзяржаўнага герба незалежнай Беларусі. 1991 г.

Пасля распаду СССР Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 19 верасьня 1991 г. прыняў законы аб дзяржаўным сьцягу і дзяржаўным гербе, паводле якіх нацыянальная сымболіка зноў набыла дзяржаўны статус.

Вокладка пашпарта Рэспублікі Беларусь узору 1993-1995 гг.

Вокладка пашпарта Рэспублікі Беларусь узору 1993-1995 гг.

Шэўрон беларускага вайскоўца. 1995 г.

Шэўрон беларускага вайскоўца. 1995 г.

У 1995 г. зь ініцыятывы прэзыдэнта Лукашэнкі (ён даваў прысягу на інаўгурацыі пад бел-чырвона-белым сьцягам) быў праведзены рэфэрэндум зь незаконнымі фармулёўкамі, якія – у тым ліку наконт нацыянальнай сымболікі – супярэчылі Канстытуцыі. У выніку афіцыйнымі сымбалямі РБ сталі крыху адрэдагаваныя савецкія.

Наша сымболіка зноў трапіла пад забарону, але працягвала неафіцыйна выкарыстоўвацца дэмакратычнай супольнасьцю.

Разам з тым шматвяковая традыцыя ўжываньня “Пагоні” прывяла да таго, што ў 2007 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь надаў ёй статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці.

Праз два гады “Пагоня” стала гербам Віцебскай вобласьці.

Герб Віцебскай вобласьці, зацьверджаны ў 2009 г.

Герб Віцебскай вобласьці, зацьверджаны ў 2009 г.

У літаратуры і мастацтве

Цягам ХХ-га і 1-й чвэрці ХХІ ст. наша гістарычная нацыянальная сымболіка безьліч разоў згадваецца альбо прысутнічае ў літаратурных і музычных творах, у працах жывапісцаў і скульптараў. Сярод тых, хто апяваў яе, Максім Танк (у Заходняй Беларусі), Уладзімер Жылка, Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева, Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў…

Шырока вядомы і часта выконваецца гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” на верш Макара Краўцова і музыку Ўладзіміра Тэраўскага, дзе гучаць такія радкі:

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух…

А вось напісаны Максімам Танкам у 1930 г. у Заходняй Беларусі верш “Ты чуеш, брат…”:

Глядзіце ў будучыню сьмела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сьцягам белчырвонабелым
Чакае перамога нас.

Падзеі 2020 г., калі вуліцы і плошчы нашых гарадоў і вёсак убачылі дзясяткі тысяч бел-чырвона-белых сьцягоў і гербаў “Пагоня” у руках сотняў тысяч маніфэстантаў, сталіся своеасаблівым стыхійным усенародным плебісцытам. Ён засьведчыў, якімі будуць дзяржаўныя сымбалі будучай Беларусі.

Храналёгія:

1295 – “Пагоня” стала гербам Вялікага Княства Літоўскага.
1918 – Бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” зацьверджаныя дзяржаўнымі сымбалямі БНР.
19 верасьня 1991 – Бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” зацьверджаныя дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь.
2007 – Савет міністраў Беларусі надаў “Пагоні” статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьці.
2009 – “Пагоня” зацьверджаная гербам Віцебскай вобласьці.