Вацлаў Гавэл, чый 90-гадовы юбілей цяпер адзначаецца, быў вялікім сябрам Беларусі. Гэта сяброўства было шчырае, персанальнае і трывала літаральна да апошніх дзён гэтага выбітнага чэха. Клопат пра лепшую Беларусь Гавэл праяўляў па сваёй волі, так нязмушана і пастаянна, што многія пыталіся, адкуль у яго такая сардэчная прывязанасць.
Сёння сабралі ўспаміны беларусаў пра сустрэчы з Вацлавам Гаўлам.
Адзіны пункт у графіку Гаўла, які не змянілі
Сустрэча Вацлава Гаўла з Васілём Быкавым на Пражскім градзе была запланаваная на 12 верасня 2001 года. Планавалася, натуральна, за некалькі тыдняў, але за некалькі гадзінаў да прызначанага часу мы не былі ўпэўненыя, што яна адбудзецца: напярэдадні, 11 верасня тэрарысты атакавалі Нью-Ёрк і Вашынгтон. Зразумела, што распарадак прэзыдэнта краіны-члена NATO мусіў быць скарэктаваны: тады і сфальшаваныя ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары 9 верасня адышлі на трэці план міжнароднай увагі.
Але Гавэл сустрэўся з Быкавым. Як нам потым сказалі, гэта быў адзіны нязменены пункт у прэзыдэнцкім графіку. Гаварылі пра тое, чым Чэхія можа дапамагчы Беларусі, уздымалася тэма ўладкавання маладых беларусаў на вучобу (і, як вядома, пазней гэта адбылося). Калі мы пакінулі апартаменты Гаўла, я зразумеў, што ў размове выбітнага драматурга Гаўла і выбітнага пісьменніка Быкава ні слова не было ні пра тэатр, ні пра літаратуру.
Сяргей Навумчык
Прэмія з рук Гаўла “Нашай ніве”
У кастрычніку 2003 года мэдыя паведамілі, што былы прэзідэнт Чэхіі перадаў галоўнаму рэдактару “Нашай Нівы” сваю прэмію імя Ханно Эленбоген за грамадзянскую мужнасць. Гэта прэмія была ўсталяваная Пражскім таварыствам міжнароднага супрацоўніцтва. Паводле ўмоваў, атрымальнік прэміі перадае яе некаму іншаму ў знак падтрымкі і салідарнасці.
Тады ў Празе пачаў я свой выступ на цырымоніі са словаў: “Калі мне прыйшоў мэйл “Шаноўны Андрэй Дынько! Вацлаў Гавэл перадае вам сваю прэмію”, я падумаў: ну, файлы з траянамі пачалі ўжо персаналізаванымі лістамі рассылаць — і ліст выдаліў”. Праз месяц мне патэлефанаваў Сяргей Навумчык: “Вас шукаюць з канцылярыі Гавэла, чаму вы не адказваеце на лісты?”
Андрэй Дынько
“Какой такой Гавел?”
28 сакавіка 2006 году, неўзабаве пасля разгону ў Мінску Дня Волі і масавых затрыманьняў, Вацлаў Гавэл разам з групай сэнатараў прыехаў да беларускай амбасады ў Празе, каб перадаць пэтыцыю ў падтрымку беларускай дэмакратыі і з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Я націснуў нейкую кнопку на браме, сказаў, што Вацлаў Гавэл хацеў бы перадаць пасольству ліст.
– Какой такой Гавел? – пачуўся ў дынаміку голас. Браму адчыніць адмовіліся, і давялося апускаць ліст у скрынку.
А Гавэл патлумачыў для Радыё Свабода: «Мы з уласнага вопыту ведаем, наколькі важныя знакі салідарнасці для тых, хто змагаецца за свабоду. Тут прысутныя тыя, хто асабіста наведаў Беларусь, і яны могуць пацвердзіць, як важна для апазіцыі, калі яна ведае, што мае падтрымку і салідарнасць у іншых краінах».
Сяргей Навумчык
Цікаўнасць драматурга
Вацлаў Гавэл неаднаразова сустракаўся са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай, заўсёды адчувалася іх узаемная сімпатыя. У лютым 2007-га, калі ён ужо не быў прэзыдэнтам, такая сустрэча адбылася ў Бібліятэцы Гаўла ў цэнтры Прагі. Нечакана для сябе, мне давялося гаварыць, напэўна, болей, чым Івонцы – Гавэл папрасіўў падзяліцца ўражаннямі ад Лукашэнкі як чалавека (паколькі мы разам былі ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання). Гавэл слухаў вельмі ўважліва, і гэта, як мне падалося, было зацікаўленне не палітыка да іншага палітыка, а прызнанага майстра тэатра абсурду да патэнцыйнага пэрсанажа.
Сяргей Навумчык
Беларускі сцяг і “Жыве Беларусь” на Градэчку
Як драматург Вацлаў Гавэл не мог абысці ўвагай існаванне “адзінага падпольнага тэатра ў Еўропе”. Ён стаў патронам Беларускага вольнага тэатра разам з Томам Стопардам, таксама чэшскім ураджэнцам. Улетку 2007-га Гавэл запрасіў ядро тэатра (яго заснавальнікаў Мікалая Халезіна, Наталлю Каляду і акцёра Уладзіміра Шчэрбаня) да сябе на дачу, у мястэчка ў гарах, што завецца Градэчэк. Мне давялося далучыцца па журналісцкіх абавязках. Вольны тэатр тады прывёз Гаўлу падарункі: бел-чырвона-белы сцяг, а да таго п’есу Мікалая Халезіна “Пакаленне Джынс”.
На просьбу тэатра трэба было запісаць відэапасланне Гаўла з простым і ясным зместам: “Жыве Беларусь!”. Спачатку ў яго неяк прамаўлялася ” живёт”, і ён хацеў пачуць па-беларуску з маіх вуснаў.
Так на Градэчку ўзнік той запіс. А сцяг потым павесілі высока, пад самы дах гаўлавай дачы.
Алена Ціхановіч
Піва з Гаўлам і Когаўтам у Брне
У ліпені 2008 года ў легендарным брненскім тэатры “Гусь на канаце” чэшскі дысідэнт і пісьменнік Павел Когаўт адзначаў сваё 80-годдзе. Свята яму вырашылі зладзіць хлопцы з выдавецтва “Větrné mlýny” і імпрэзу зрабілі прынамсі часткова публічнай, выдзеліўшы пад яе цэлы вечар у рамках фестывалю “Месяц аўтарскага чытання”. На той момант я з тымі хлопцамі ўжо нейкі час супрацоўнічаў і сябраваў, таму мяне запрасілі і прыватна, сказаўшы: “Прыязджай, будзе і Гавэл”.
Такой нагоды малады перакладчык, які акурат працаваў над перакладам Гаўлавых эсэ, прамінуць не мог, таму я аўтастопам прыехаў з недалёкай Вены, дзе толькі-толькі падпісаў працоўны кантракт у тамтэйшым універсітэце. Гасцей было шмат, і той вечар і ноч (бо святкаванне ў тэатральным дворыку зацягнулася да ранку) сталіся для мяне культурным шокам: столькі старых герояў чэшскага андэрграўнду, дысідэнцкага руху, падпольнага тэатра (пра якіх я датуль толькі чуў і чытаў) былі побач, паўсюль вакол, пілі піва, спявалі, размаўлялі і паводзіліся – хто б мог падумаць! – як звычайныя людзі. У тым ліку і былы прэзідэнт. Натуральна, без усялякай аховы.
Сяргей Сматрычэнка
Радыё Свабода цяпер у Празе дзякуючы Гаўлу
У пачатку 90-х гадоў амерыканская адміністрацыя хацела ўжо зачыняць Радыё Свабода/Свабодная Еўропа, таму што паводле амерыканцаў на той час скончылася гісторыя таталітарызму ў Еўропе. Еўрапейскія лідары і Гавэл, і Валенса , і Ландсбергіс думалі інакш. Яны, а таксама кіраўнікі дэмрухаў Украіны і Беларусі Чарнавіл і Пазняк напісалі ў Вашынгтон лісты падтрымкі, дзе даводзілі патрэбу свабоднага эфіру. А кіраўнік чэхаславацкай, а потым чэшскай рэдакцыі Радыё Павэл Пэхачэк звярнуўся да Гаўла з ідэяй скарыстаць для рэдакцый будову чэхаславацкага парламенту, якая апусцела. Так з’явілася тое запрашэнне ад Вацлава Гаўла на пераезд Радыё з Мюнхена ў Прагу.
Не ўспамінаю, ці завітваў Гавэл на наш першы пражскі адрас Vinohradská 1, але добра памятаю яго візіт ужо ў новы будынак Vinohradská 159a. У траўні 2009-га года ён наведаў наша першае рэдакцыйнае пасяджэнне . Тады ж, у траўні 2009-га, у Празе павінна была адбыцца сустрэча кіраўнікоў краін Усходняга партнёрства. У прэсе актыўна абмяркоўвалі, ці трэба запрашаць на яго беларускага кіраўніка Лукашэнку. Я задаў Гаўлу гэтае пытанне. Ён тады ўжо не быў прэзідэнтам і актыўным палітыкам, але выказаў сваё перакананне, што любое ўлучэнне Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы пажаданае і карыснае, бо змяншае ўплывы Масквы.
Аляксандр Лукашук
Фота з архіву Сяргея Навумчыка, Андрэя Дынько, Алены Ціхановіч, Сяргея Сматрычэнкі, Радыё Свабода.







