1 ліпеня сёлета ўступілі ў сілу новыя ўмовы прадастаўлення грантавай падтрымкі на дзейнасць нацыянальных меншасцей у Чэшскай Рэспубліцы. Фінансавая падтрымка перыядычных выданняў (газет, часопісаў, альманахаў) цяпер, акрамя друкаваных версій, распаўсюджваецца і на інтэрнэт-выданні.
Арыгінал пастановы ўрада Чэшскай Рэспублікі аб умовах прадастаўлення субсідый на дзейнасць нацыянальных меншасцей № 115/2026 Збору законаў на чэшскай мове можна знайсці тут (https://e-sbirka.gov.cz/…ext). Правесці змену ўмоваў падтрымкі перыядычных выданняў Чэхіі раней рэкамендавала Рада Еўропы (“так, каб яны былі прыстасаваныя да патрабаванняў электроннага веку”). Гэта змена стала таксама вынікам супольных намаганняў прадстаўнікоў беларускай і в’етнамскай меншасцяў ва ўрадавай радзе у справах нацменшасцяў.
У гэтай нататцы мы сабралі ключавыя ўмовы і патрабаванні для атрымання дзяржаўных субсідый на праект перыядычнага выдання на беларускай мове.
Першая і галоўная ўмова: беларуская мова выдання.
Другая ўмова: некамерцыйны характар выдання.
Трэцяя ўмова: распаўсюджванне выдання на тэрыторыі Чэшскай Рэспублікі.
Для анлайн-праектаў неабходна, каб кантэнт быў цалкам адкрыты для чытання і распаўсюджвання на тэрыторыі Чэхіі без камерцыйных платных падпісак (paywall).
Каб сайт або электронны часопіс лічыўся перыядычным выданнем, ён павінен адпавядаць шэрагу фармальных крытэрыяў:
- Рэгулярнасць: абнаўленне матэрыялаў з дакладнай перыядычнасцю (напрыклад, штомесячнік, штотыднёвік або рэгулярна абнаўляльны інтэрнэт-партал з архівам выпускаў).
- Афіцыйны статус: электроннае выданне павінна быць зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку ў Чэшскай Рэспубліцы з прысваеннем міжнароднага кода ISSN для электронных СМІ.
Падаць праект на атрыманне дзяржаўнай субсідыі можа юрыдычная або фізічная асоба, якая вядзе дзейнасць на карысць нацыянальнай меншасці не менш за адзін год і можа пацвердзіць гэта дакументальна. У заяўніка не павінна быць запазычанасцей па падатках, медыцынскім і пенсійным страхаванні, перад муніцыпальнымі бюджэтамі і г.д. Адзін заяўнік можа падаць максімум тры праекты ў межах аднаго каляндарнага года.
Якую частку выдаткаў можа пакрыць грант?
Да 70% ад агульнага аб’ёму абгрунтаваных (мэтавых) выдаткаў. Астатнія 30% заяўніку давядзецца пакрыць за кошт уласных сродкаў альбо прыцягнуць спонсараў, зацікаўленых асоб ці іншыя крыніцы фінансавання.
Аб’ява аб прыёме заявак на субсідыі будзе апублікавана на сайце міністэрства культуры, канкрэтна тут https://mk.gov.cz/…23). Меркаваныя тэрміны прыёму заявак — з верасня да канца кастрычніка 2026 года. Нагадаем, у мінулым годзе ў межах гэтай мэтавай праграмы падтрымкі паміж усімі заяўнікамі быў падзелены 21 мільён крон.
