Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, аўтар такіх бэстсэлераў як “Краіна Беларусь” ці “Імёны Свабоды” адгукнуўся на прапанову зрабіць для сайта www.belarusy.cz кароткі агляд айчыннай гісторыі. Сэрыя зь дзесяці артыкулаў ахопіць пэрыяд ад часоў Рагнеды і Рагвалода да зьяўленьня на палітычнай мапе сьвету Рэспублікі Беларусь.
У вандроўцы праз стагодзьдзі мы разам з аўтарам зазірнем у эпохі незалежнага Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага, дзе старажытнабеларускія землі былі ўсходняй мяжою эўрапейскай цывілізацыі. Мы патрапім на палі пераможных бітваў нашых продкаў на Сініх Водах, пад Грунвальдам і пад Воршай, пройдзем змагарнымі шляхамі паўстанцаў 1794, 1831 і 1863 гадоў. Пагартаем старонкі народніцкага “Гоману”, перачытаем Устаўныя граматы БНР і ўпэўнімся, што для Масквы Беларусь заўсёды была разьменнай манэтаю ў палітычных гульнях.
Для нас ажывуць Усяслаў Чарадзей і Эўфрасіньня Полацкая, Альгерд і Вітаўт, Канстанцін Астроскі і Леў Сапега, Тадэвуш Касьцюшка і Эмілія Плятэр, Кастусь Каліноўскі і браты Луцкевічы…
А ці ве ведаеце вы, якая княгіня з полацкага роду Рагвалодавічаў стала каралеваю Даніі?
Якія вусьцішныя злачынсты ўчыніў на нашай зямлі тагачасны “саюзьнік” у вайне з Швэцыяй цар Пётар І?
Чаму ў 1921 г. БССР складалася ўсяго з шасьці паветаў Менскай губэрні?
Якія тэрытарыяльныя страты напаткалі краіну-пераможцу Беларусь у выніку Другой сусьветнай вайны?
А ці чулі, як дэлегацыя БССР насьмелілася прагаласаваць супраць рэзалюцыі СССР на сэсіі ААН?
Чытайце і засвойвайце азы беларускай гісторыі дзе заўгодна на сьвеце.
