Знаходка стала ўзнагародай і ўдачай маладога беларускага гісторыка, дактаранта Карлава ўніверсітэта Аляксандра Паршанкова. Арыгіналы друкаваных аркушаў упершыню было магчыма пабачыць на прэзентацыі ў будынку Лужыцкай семінарыі на Малай стране ў Празе 24 сакавіка сёлета.
Хаця Прага і была местам, дзе Скарына выдаваў свае кнігі, поўных арыгіналаў тут да сённяшняга часу амаль не захавалася. Адзіны экземпляр пражскіх выданняў Скарыны, які на сёння ёсць у Чэхіі, гэта “Ісус Сірахаў”, 4-я з кніг яго Бібліі. Дзень яе выхаду датаваны 5 снежня 1517 года. Адметна, што і гэтая кніга вярнулася ў Прагу з Масквы ў 1867-м годзе як падарунак расейскага навукоўца-славіста Пятра Бяссонава Чэшскаму нацыянальнаму музею.
Новая знаходка, аднак, працягвае серыю “пераплётных” адкрыццяў. Гэта звязана з практыкай старых майстроў умацоўваць кніжныя пераплёты, начыняючы іх аркушамі ранейшага друку, што з нейкай прычыны кнігамі не сталі. Так скураныя фаліянты набывалі асаблівую вагу і саліднасць. Вядомыя нямала выпадкаў, калі “у пераплёт” траплялі і аркушы выданняў Скарыны. Першым, хто іх знайшоў, быў вядомы чэшскі навукоўца Ёзэф Даброўскі. Знойдзеныя фрагменты захоўваюцца ў бібліятэках Чэхіі, Славакіі, Польчы, Вялікабрытаніі, ЗША і Расіі.
У 1977-м годзе ў Славянскай бібліятэцы Чэхіі ў рэнесансным пераплёце старых юрыдычных кніг былі знойдзеныя аркушы са Скарынавай Кнігі Суддзяў. Супрацоўнікі бібліятэкі (P.Pokorný, F.Sokolová) у сваіх публікацыях даюць апісанне кнігі і адносяць яе да прафесійнай спадчыны пераплётчыка з Уроцлава, які пазначаў сябе ініцыяламі “HB”. Гэты майстра, як пісаў П.Пакорны, для сваёй працы купляў макулатуру рознага тыпу. Ён аказваў паслугі уроцлаўскаму магістрату, а таксама пераплятаў кнігі для вядомага сілезкага рэфарматара Яна Хеса.
Удача ўсміхнулася Аляксандру Паршанкову, калі нядаўна ў адной з пражскіх букіністычных крамаў быў выстаўлены на продаж канвалют тэалагічных працаў дзеячоў ранняй рэфармацыі, выдадзены на лаціне. На добра захаваным пераплёце з бурай ялавічыны былі тыя ж ініцыялы “HB” і нават партрэт, як мяркуецца, самога майстра. З нутра пярэдняй і задняй вокладкі адкрыта выглядалі аркушы кірылічнага тэксту. “Гэта Скарына!” – не вагаўся даследчык. Кнігу яму ўдалося набыць.
Калі кніга патрапіла ў рукі рэстаўратара, у ёй былі знойдзеныя 14 фрагментаў Кнігі Судддзяў, апошняга пражскага выдання Скарыны, датаванага 15 снежня 1519 года. Дакладна вядомы і год, калі аркушы патрапілі ў пераплёт. Тэалагічны канвалют датаваны 1528-м годам. Гэта азначае, што фрагменты Скарынавай Бібліі чакалі свайго вяртання ў свет амаль 500 гадоў!
Даследчык, сябра Беларускага інстытута ў Празе, А.Паршанкоў мяркуе, што яго знаходка пацвярджае раней выказаныя меркаванні пра сувязі Скарыны з Уроцлавам і тамтэйшымі кнігавыдаўцамі. Паўнейшае даследаванне выяўленых фрагментаў стане тэмай яго новай публікацыі. Першая публікацыя па-беларуску тут: https://www.zurnalai.vu.lt/slavistica-vilnensis/en/article/view/44286
На здымках:
Пярэдняя частка пераплёта да выняцця фрагментаў.
У Кнізе Суддзяў знойдзем традыцыйны Скарынаў сігнет: сонца і месяц.
Так выглядае кніга, якая да пражскага букініста патрапіла з прыватнай калекцыі ў Славакіі.
Дэталь вокладкі кнігі з ініцыяламі майстра-пераплётчыка.
Аляксандр Паршанкоў са сваёй знаходкай.
Падчас прэзентацыі ў Лужыцкай семінарыі ў Празе.
Фота: Аляксандр Паршанкоў, Алена Ціхановіч.






