У будынку парламенту Чэшскай Рэспублікі 2 лютага 2026 г. адкрылася выстава беларускага мастака Артура Вакарава «30 гадоў дыктатуры. 30 плакатаў з яе наступствамі». Яна арганізаваная Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пры падтрымцы члена парламенцкай групы сяброў свабоднай Беларусі Гаята Акамуры.

Плакаты ў вобразнай, экспрэсіўнай форме адлюстроўваюць вынікі кіравання Лукашэнкі ў розных сферах палітычнага, сацыяльнага ды эканамічнага жыцця Беларусі.

Выступаючы на адкрыцці выставы, кіраўніца Офісу дэмсілаў Беларусі Крысціна Шыянок і дэпутат чэшскага парламенту Гаята Акамура казалі пра важную ролю чэшскай салідарнасці ў змаганні беларусаў за свабоду.

Артур Вакараў падзякаваў арганізатарам выставы і параіў жыхарам Чэхіі цаніць дэмакратыю. На прыкладзе Беларусі ён нагадаў, што звычайна дыктатары пачынаюць з малога, уводзячы не надта прыкметныя абмежаванні, якія большасць насельніцтва не заўважае і хутка прызвычайваецца да іх: «Спачатку ты чакаеш на памежным пераходзе гадзіну, праз год — дзве гадзіны, а яшчэ праз некалькі гадоў бачыш, што мяжа ўвогуле зачыненая. Дыктатары імкнуцца прадставіць ненармальнасць — нармальнасцю».

 

Як казаў у адным са сваіх інтэрв’ю Вакараў, ідэя стварыць гэтую плакатную серыю ўзнікла ў яго два гады таму, калі набліжалася 30-годдзе перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 году: «У мяне было прадчуванне прапагандысцкіх фанфар. Маўляў, Лукашэнка на працягу трыццаці гадоў захаваў краіну, вытворчасць і гэтак далей, — адзначае аўтар. — Мы не можам выцягнуць палітвязняў ці спыніць агрэсію на тэрыторыі Украіны, бо ў нас розныя патэнцыялы. Але тут, на інфармацыйным полі, мы не павінны прайграваць і можам весці сваю павестку. І таму я вырашыў у адказ на тое, што панясецца ад ідэолагаў, давесці праўду».

Прага — не першы горад, дзе экспануюцца гэты плакатны цыкл: ён выстаўляўся ў Вільні ў вулічным фармаце каля музею акупацыі і барацьбы за свабоду, у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску, у Варшаве экспанаваўся ў Музеі вольнай Беларусі, а таксама ў рэзідэнцыі прэзідэнта Польшчы — у Бельвэдэрскім палацы.

Артур Вакараў беларускі дызайнер, заснавальнік студыі «Адліга» і былы арт-дырэктар менскай антыкварнай крамы «Буржуазныя каштоўнасці». Аўтар славутага дызайну «Сolorадская пушча» (2011), «Ne VerSashe» (2013), «brAIn» (2023). Стваральнік вокладак да кніг Васіля Быкава ды іншых беларускіх аўтараў. Вымушана пакінуў Беларусь у 2022 годзе, жыве ў Варшаве.

Выступае аўтар плакатаў Артур Вакараў.

Фота: Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай рэспубліцы