Без гэтай славутай імшы, якую чэхі называюць Rybovka, ужо нельга ўявіць калядныя святы ў Чэхіі. На пражскім канцэрце, які адбудзецца 18 снежня 2025г. у Залі Багуслава Марціну HAMU, адну з сольных партый будзе выконваць студэнтка Пражскай Акадэміі музычнага мастацтва Аляксандра Жыдкова.

 

Алеся нарадзілася ў Празе ў беларускай сям’і Рыгора і Таццяны Жыдковых. Пасля паспяховага заканчэння пражскай музычнай гімназіі (GMHS) па спецыяльнасці фартэп’яна Алеся паступіла на факультэт опернага спеву Пражскай Акадэміі музычнага мастацтва (HAMU). Цяпер яна займаецца на другім курсе, але будучы студэнткай ужо выступала на канцэртах у пражскім Муніцыпальным доме (Obecní dům) і ў Арцыбіскупскім палацы ў Оламоўцы.

 

У імшы Алеся выступае як сольны альт, адзін з некалькіх анёльскіх галасоў, што абвяшчаюць пра прыход немаўляці Ісуса Хрыста. Твор увасабляе класічную біблейскую гісторыю Хрыстова нараджэння і яго прывітання простымі людзьмі.  Крылатымі сталі ўжо першыя словы, калі адзін з пастухоў будзіць свайго таварыша: “Hej, mistře, vstaň bystře!” Таму Rybovka не менш вядомая пад яшчэ адной назвай “Hej, mistře”.

 

Ян Якуб Рыба (1765–1815), школьны настаўнік і музыкант, стварыў сваю імшу яшчэ ў 1796-м годзе. З таго часу яна гучала ў мностве розных выкананняў і апрацовак, у тым ліку фальклорнай. З касцёлаў і канцэртных залаў імша апошнім часам актыўна ідзе ў народ. Калядным часам яе можна пачуць на плошчах чэшскіх гарадоў ці нават на пражскім Галоўным вакзале.

 

Той, хто не чуў  Rybovku,  яшчэ не  пазнаў сапраўдныя чэшскія Каляды. Сёлета маем новы шанц пачуць імшу з беларускім голасам. Прыходзьце, калі ласка!

 

Пачатак канцэрту 18 снежня ў 18 гадзін. Уваход вольны.

Адрас: HAMU, Sál Bohuslava Martinů, Malostranské náměstí 13, Praha 1.