У сувязі са сканчэннем тэрміну кадэнцыі сучасных прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў ва ўрадавай Радзе (Rada vlády pro národnostní menšiny) абвяшчаецца працэс намінацыі новых сябраў.
Памянёная Рада з’яўляецца дарадчым і ініцыятыўным органам пры чэшскім урадзе. Задача Рады гарантаваць правы нацыянальных меншасцяў і ўмовы для падтрымання іх традыцый, мовы і культуры. Паводле новага Статута Рада будзе налічваць 40 сябраў: сюды ўвойдуць як прадстаўнікі міністэрстваў, краёў, канцылярыі прэзідэнта, так прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. У залежнасці ад ліку асоб, якія ў часе апошняга перапісу назвалі сваю канкрэтную нацыянальнасць, гэта можа быць адзін ці два прадстаўнікі.
Беларусы (разам з в’етнамцамі) былі прызнаныя нацыянальнай меншасцю ў Чэхіі ў 2013 годзе. Сёлета да пераліку нацменшасцяў далучыліся і грузіны. Такім чынам, склад Рады за нацыянальныя меншасці будзе выглядаць так:
нямецкая, польская, славацкая, украінская, цыганская меншасць – па 2 чал.
балгарская, беларуская, вугорская, в’етнамская, грузінская, грэцкая, русінская, руская, сербская, харвацкая меншасць – па 1 чал.
Тэрмін кадэнцыі прадстаўнікоў НМ паводле Статута – чатыры гады і можа паўтарацца. У кожным разе, прадстаўнік ці прадстаўніца застаюцца на сваёй пасадзе да часу, пакуль не будзе прызначаны наступца. Беларускую меншасць ад пачатку прадстаўляў Адам Калюта, у сучасны момант – Алена Ціхановіч (Kovářová).
Права намінаваць прадстаўніка НМ у Раду нададзенае зарэгістраваным аб’яднанням, арганізацыям нацыянальных меншасцяў (spolky národnostních menšin). Абавязковае патрабаванне да кандыдата ці кандыдаткі мець чэшскае грамадзянства. Паводле прынятага тлумачэння, прадстаўніком нацыянальнай меншасці ў Чэхіі з’яўляецца асоба з чэшскім грамадзянствам, якая ўсведамляе і дэкларуе сваю прыналежнасць да іншай, чым чэшская нацыянальнасці.
Пасада прадстаўніка нацменшасці пры ўрадзе не з’яўляецца чыноўніцкай функцыяй і выконваецца бясплатна, на грамадзкіх пачатках.
Výzva k nominaci zde: