6 ліпеня пайшла з жыцця Францішка Сокалава, славістка, даследчыца, перакладчыца, вялікая прыхільніца беларускай гісторыі і культуры. Яе імя цесна звязанае з выдатнымі мужамі сучаснай чэшскай гісторыі – Янам Паточкам і Янам Сокалам. Яе думкі і працу натхняў і беларускі геній Францішак Скарына. Развітанне з ёй адбудзецца 15 ліпеня ў базіліцы св. Маркеты на пражскім Бржэвнаве ў 13 гадзін.
Францішка Сокалава падчас адкрыцця выставы да 500-годдзя выхаду Бібліі Скарыны ў Славянскай бібліятэцы ў Празе. 2017. Фота Алена Ціхановіч.
Францішка Сокалава нарадзілася 13 жніўня 1937 года ў сям’і чэшскага філосафа, прафесара Яна Паточкі, які пазней стаў адным з заклададальнікаў і маральных лідараў Хартыі -77. Яго заўчасную раптоўную смерць звязваюць з ціскам і пераследам чэхаславацкіх спецслужбаў: ён памёр на інсульт, вярнуўшыся са шматгадзіннага допыту. Пазней, па рэвалюцыі, адной з пражскіх магістраляў будзе нададзенае яго імя – Patočkova ulice. Сімвалічна, што гэта вельмі блізка ад дому, дзе сям’я жыла. Поруч з гэтай вуліцай ляжаць і Бржэвнавскія могілкі, дзе сп. Францішка будзе пахаваная.
Філалагічную адукацыю Францішка Сокалава атрымала ў Карлавым універсітэце са спецыялізацыяй чэшская, руская і гішпанская мовы. У 1968-м годзе стала бібліятэкаркай Славянскай бібліятэкі, якой аддала больш за палову жыцця. Тут, дзякуючы шчаслівым знаходкам, зацікавілася беларушчынай. Асабліва пасля таго, як у яе рукі патрапілі многія ўнікальныя старадрукі – напрыклад, віленскае Евангелле Пятра Мсціслаўца. Гэтаму выданню была прысвечаная яе першая даследчыцкая публікацыя. У канцы семідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў Празе знайшліся фрагменты скарынаўскага выдання, Кнігі Суддзяў. Так лёс беларускага першадрукара стаў пажыццёвай тэмай спадарыні Франіцшкі.
У 1990-м годзе міністэрства культуры (тады яшчэ) Чэхаславакіі паслала Ф.Сокалаву на адзначэння 500-гадовага Скарынаўскага юбілею ў Мінск. Там яна не толькі выступіла з рэфэратам, але і прыняла ўдзел у заснаванні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, стаўшы сяброўкай арганізацыі ад самага пачатку. Яна брала ўдзел у далейшых Скарынаўскіх чытаннях і юбілеях, вынікі яе даследаванняў падсумаваныя ў артыкуле “Скарына і Прага” (Беларусіка – Albaruthenica 9, Мінск, 1998) і іншых публікацыях. Па вяртанні з Мінску сп.Францішка ўключылася ў перамоўны працэс Мінску і Прагі, лабавала за тое, каб у чэшскай сталіцы ўзніклі помнік і мэмарыяльная дошка першадрукару.
Ганаровы дыплом Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, выдадзены Ф.Сокалавай за подпісам Адама Мальдзіса.
Яшчэ адной улюбёнай асобай стала для яе Ларыса Геніюш. Уражаная драматычным лёсам беларускай паэткі, сп. Францішка шмат рабіла для яе папулярызацыі, перакладала вершы, урыўкі ўспамінаў. Яна стала аўтаркай выставы да 100-годдзя Геніюш у 2010-м. Тады гэтая выстава паказвалася не толькі ў Празе, але і ў Вімпэрскім замку, дзе Ларыса і Ян Геніюшы ўтрымліваліся нейкі час пасля арышту.
Яна актыўна шукала і падтрымлівала кантакты з сучаснымі беларускімі літаратарамі, блізкае знаёмства яе звязвала, напрыклад, з Уладзімірам Арловым. Чэшскаму чытачу яна наблізіла таксама творы Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Міхася Стральцова.
У 1961-м годзе сп.Францішка звязала свой лёс з Янам Сокалам (1936 – 2021), асобай надзвычайнага маштабу. Вывучаны на ювеліра, ён на нейкі час захапіўся матэматыкай і праграмаваннем. Пазней, аднак, сур’ёзна і надоўга паглыбіўся ў філасофію, антрапалогію, рэлігіязнаўства. Ян Сокал стаў закладальнікам і першым дэканам факультэта гуманітарных навук Карлава ўніверсітэту. Кароткі час быў міністрам адукацыі. Вядомы таксама як аўтар чэшскай Вікіпедыі Sokoljan. Як і яго цесць Ян Паточка, Ян Сокал быў далучаны да руху Хартыі -77. У сужэнства нарадзілася трое дзяцей, дачка Марыя і сыны Ян і Іван.
З мужам Янам Сокалам дома ў садзе. Фота Ян Сокал малодшы.
На прэзідэнцкіх выбарах Чэхіі ў 2003-м прафесар Ян Сокал стаў кандыдатам урадавай кааліцыі. Тады беларусы пачалі гаварыць пра тое, што першай дамай Чэхіі можа стаць … беларусістка. Журналісты пачалі распытваць сп. Сокалаву, ці гатовая яна да радыкальнай змены жыцця, а яна адказвала, што не прагне славы, але перш за ўсё жадае мужу поспеху. Тагачасныя выбары прэзідэнта праводзіліся яшчэ парламенцкім галасаваннем. На трэцяй сесіі галасавання дэпутатаў наступным пасля Вацлава Гаўла прэзідэнтам быў абраны Вацлаў Клаўс. Вынікі пададзеных галасоў былі, аднак, даволі блізкія (Клаўс – 142, Сокал – 124). Калі журналісты пыталіся яшчэ кандыдата Сокала, што ён зробіць першым у выпадку свайго абрання ці неабрання, ён адказаў спантанна і аднолькава ў абодвух выпадках: абдыму сваю жонку.
Апошняя публічная сустрэча з беларусамі. 505 гадоў беларускага кнігадруку. Сп. Сокалаву прывёз у крэсле да помніка Скарыны яе сын Ян. 6 жніўня 2022. Фота Сяргей Кнырэвіч.
Беларуская дзяржава, на жаль, ніяк не адзначыла шматгадовую працу сп. Сокалавай на ніве беларушчыны. Ордэны і медалі Францішка Скарыны раздаваліся расейскім папсовым спевакам, але не рупліўцам і прапагандыстам беларускай культуры. Але адна адзнака усё ж прыйшла пры жыцці. У 2000-м годзе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт надаў Францішцы Сокалавай званне ганаровага доктара (doctor honoris causa).
Вялікі паклон, спадарыня Францішка, за ўсё, што вы зрабілі для беларусаў і беларускай культуры.