Журналістка Алена Ціхановіч – пра галоўную задачу эміграцыі і альтэрнатыўную краіну

У гэту суботу, 22 кастрычніка, у Празе прайшоў Першы з’езд беларусаў Чэхіі. Ён адбыўся пад патранатам мэра чэшскай сталіцы ў памяшканні пражскага магістрату.

Беларуская дыяспара ў Чэхіі мае вельмі даўнія традыцыі, што фіксуюцца яшчэ з часоў Скарыны і ўмацаваны кіраўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 20-х гадах ХХ стагоддзя, якія атрымалі тут прытулак. У Чэхіі навучаецца шмат беларускіх студэнтаў, а з 2020 года краіна прыняла мноства ўцекачоў, у тым ліку па праграме Medevac, якая займаецца медычнай эвакуацыяй параненых з краін, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы. Апошняя вайна ўсё змяніла, найперш – стаўленне да беларусаў у гэтай краіне. Як выправіць сітуацыю? Як наладзіць камунікацыю паміж старой і новай эміграцыяй? Як захаваць нацыянальную ідэнтычнасць? Пра ўсе гэтыя пытанні мы паразмаўлялі з прадстаўніцай беларускай нацыянальнай меншасці ва Урадавай Радзе ў справах нацменшасцей Аленай Ціхановіч.

 

– Ці гэты з’езд беларусаў Чэхіі сапраўды з’яўляецца першым? Бо гісторыя тутэйшай эміграцыі вельмі даўняя…

– Чэшскія беларусы падобныя сходы «за бацькаўшчыну» праводзілі і сто гадоў таму. Аднак яны не называліся з’ездамі. Так што наш з’езд сапраўды першы.

– У чым была патрэба яго правядзення?

– Сышлося некалькі фактараў. Першы з іх –­ нас стала больш. Пры перапісе насельніцтва ў Чэхіі 2021 года (ён праводзіцца раз на 10 гадоў) 5129 чалавек назваліся беларусамі. У параўнанні з 2011 годам, дзе беларусамі назвалі сябе 2013 чалавек, бачым значны прырост.

А паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў, беларусаў тут больш за 8 тысяч. Пасля падзей 2020 года прыехала так шмат людзей, што з’явілася неабходнасць навязваць лучнасць паміж старой і новай дыяспарамі, бо тыя, што эмігравалі нядаўна, маюць патрэбу ў інфармацыі і падтрымцы.

Таму на з’ездзе мы зрабілі такі «парад арганізацый» – прэзентавалі ўсё ініцыятывы і аб’яднанні, якія тут дзейнічаюць.

Другі фактар: пасля пачатку вайны ва Украіне змянілася стаўленне да беларусаў у Чэхіі. Раней мы адчувалі салідарную падтрымку і ад ураду, і ад грамадства. На афіцыйных будынках, у вокнах дамоў вывешваліся беларускія сцягі. Падчас вайны ўсе сцягі змяніліся на ўкраінскія, таксама былі прынятыя законы, якія тут называюць Lex Ukrajina. Паводле іх, у адносінах да грамадзян Расійскай Федэрацыі ўводзіліся візавыя санкцыі і іншыя абмежаванні, а пасля дадалася і Беларусь, якая была абвешчана суагрэсарам. Абмежаванні закранулі не толькі турыстычныя ці працоўныя візы для беларусаў, якія цяпер не могуць прыехаць у Чэхію, але і студэнтаў. Прычым як тых, што тут вучацца на так званых «крытычных» спецыяльнасцях, так і тых, што толькі паступілі і яшчэ не прыехалі з Беларусі. Пакуль што ўдалося дамагчыся невялікіх выключэнняў для выпадкаў уз’яднання сем’яў ці пераследаваных асобаў. Таксама студэнты змогуць патрапіць у Чэхію пры ўмове, што будуць мець міжнародную або чэшскую стыпендыі.

Даведацца дэталі